Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́мятны, ‑ая, ‑ае.

1. Які добра захаваўся ў памяці, незабыўны. З адной памятай ліпеньскай ночы.. лес для мяне стаў усім — і домам, і школай, і месцам шматлікіх дзіцячых забаў і гульняў. Сачанка. Край мой! Ты памятны мне Ранкам сваім прамяністым. Броўка.

2. Які служыць для заметак, для даведак. [Уладзік:] — А як ты яго знойдзеш? — Па памятных кніжках Мінскай губерні. Колас.

3. Які служыць для напаміну аб кім‑, чым‑н., які зроблены як памяць аб чым‑н. Памятны медаль. Памятны вымпел.

памя́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад памя́ць.

2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі, са складкамі, маршчынамі. У лодцы сядзеў чалавек у сіняй палінялай майцы і шэрым памятым капелюшы. Шашкоў. Пазаўчора з суседняй вёскі .. [людзям] перадалі зачытаную, памятую партызанскую газету. Шамякін. // Які страціў сваю першапачатковую форму ад удару, штуршка; пашкоджаны ўмяцінамі. Пад адхонамі валяліся памятыя цыстэрны, шкілеты вагонаў. Карпаў. Там, на шырокіх дашчаных паліцах і ў вялізных плеценых карзінах, яшчэ можна было знайсці хлеб — праўда, пабіты і памяты. Якімовіч. // Прыбіты, прыгнуты, прытоптаны (аб раслінах). На тым месцы, дзе [людзі] селі на зямлю, асталася пасля іх толькі памятая трава. Чорны. // перан. Заспаны, са слядамі стомы; змораны, нясвежы (пра твар). Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.

памя́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Мяўкаць некаторы час.

памя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць няроўным, нягладкім; змяцца. Краўчанка неўзабаве асвойтаўся, а агледзеўшы сябе ў гэтых люстрах, знайшоў, што шынель ягоны не такі ўжо і стары, праўда, крыху памяўся ў вагоне, трэ было б скатаць, тады б разгладзіўся. Мікуліч. [Гаранскі] не садзіўся, нібы баючыся, што памнуцца, пакарабацяцца канцікі на ягоных штанах. Сабаленка.

2. Пераступаючы з нагі на нагу, патаптацца на адным месцы. Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку. Колас. [Госць] устаў, памяўся крыху на нагах. Чорны.

3. перан. Разм. Памарудзіць, праяўляючы нерашучасць; павагацца. — Добра, так і дамовімся — адзін я не пайду, буду чакаць цябе. Толькі... — Я трохі памяўся. — Як жа ты жыць цяпер будзеш там, на ферме? Сачанка.

па́мяць 1, ‑і, ж.

1. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні. Зрокавая памяць. □ — Памяць [Валя] мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё.. раскажа, дзе і што бачыла. Якімовіч. Стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак.

2. Запас уражанняў, мінулы вопыт, якія захоўваюцца ў свядомасці і могуць быць адноўлены. Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. Святлана перабірала ў памяці ўсе вясковыя работы, якія яна ведала. Шахавец.

3. Успамін пра каго‑, што‑н. На трэці дзень пляменнік паехаў дахаты, пакінуўшы ў нас добрую памяць аб сваім наведванні. Пальчэўскі. // Пра тое, што напамінае аб кім‑, чым‑н. [Рынальда:] — Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў. Краўчанка. // Успамін аб памёршым. Жывымі справамі Паэта памяць З любоўю ўшаноўвае народ. Аўрамчык.

4. Здольнасць мысліць, разважаць, усведамляць свае ўчынкі, пачуцці; прытомнасць. Бацька не то спаў, не то быў без памяці, але ляжаў неспакойна. Чарнышэвіч. Да памяці Максімка вярнуўся толькі на другі дзень, на руках у заплаканай маці. Сіняўскі.

•••

Маторная памяць — від памяці, які праяўляецца ў здольнасці выпрацоўваць сувязі паміж раздражненнем і рухам.

Без памяці — а) забываючы аб усім, да страты прытомнасці; вельмі моцна. Сёмка Бугай паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску. Лынькоў. Напіліся ксяндзы і заснулі без памяці. Якімовіч; б) у знач. вык. У захапленні ад каго‑, чаго‑н.

Варушыць памяць гл. варушыць.

Вечная памяць каму — пажаданне, каб заўсёды помнілі нябожчыка.

Выкінуць з памяці гл. выкінуць.

Выкрасліць з памяці гл. выкрасліць.

Вылецець (выскачыць) з памяці гл. вылецець.

Дайсці да памяці гл. дайсці.

Дацца ў памяць гл. дацца.

Кароткая (курыная, дзіравая) памяць — дрэнная, слабая памяць.

Мець у памяці гл. мець.

Набегчы на памяць гл. набегчы.

На памяці чыёй; пры памяці чыёй; за чыю памяць — у перыяд жыцця каго‑н., калі ён сам быў сведкам чаго‑н. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. [Дзед:] — За маю памяць мядзведзя тут бачылі гадоў мо’ з дваццаць таму назад. Якімовіч.

На памяць — для таго, каб помніць, не забываць каго‑, што‑н. (дарыць, даваць і пад.).

На памяць (па памяці) — не гледзячы ў тэкст (гаварыць, чытаць і пад.).

Не ў памяць — пра тое, што не помніцца. Зіма такая мне не ў памяць. Астрэйка.

Па старой памяці — пад уплывам даўніх звычак, успамінаў аб мінулым. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці. Колас.

Прыйсці на памяць гл. прыйсці.

Сысці з памяці гл. сысці.

па́мяць 2, ‑і, ж.

Здольнасць электроннай машыны захоўваць і выдаваць запісаную інфармацыю, а таксама ўстройства электроннай машыны для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі. Машынная памяць.

памя́ць, ‑мну́, ‑мне́ш, ‑мне́; ‑мнём, ‑мняце́; зак., каго-што.

1. Зрабіць мятым; змяць. Памяць касцюм. // Пашкодзіць ударамі, штуршкамі і пад., пагнуць. // Прыбіць, прытаптаць (пра расліны). Памята, пабіта краса і аздоба Твае збажыны. Колас.

2. Разм. Пакалечыць. Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётн[ую] кар’еру.. — вока падбіў, лапы трохі пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Лынькоў.

3. і без дап. Мяць (у 1, 2 знач.) некаторы час.

4. Тое, што і пацерці (у 2 знач.).

памяча́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да памячаць.

памяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да памеціць.

памяша́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Перамяшаць, размяшаць. Яўхім устаў, падклаў дравец у агонь, памятаў лыжкаю ў чыгунку. Пестрак. Сын падумаў хвілінку, зноў узяўся за лыжку, памятаў капусту і пачаў есці. Машара.

памяша́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Перашкодзіць каму‑н. — Дык мы з вамі не дагаварылі, — сказаў .. [Бягун] неяк залішне спакойна і разважна. — Памятаў нейкі чужак. Кулакоўскі. — Ці мы дзядзьку не памяшаем спаць, калі запяём? Баранавых.

памяшка́нне, ‑я, н.

Месца, дзе жыве, размяшчаецца хто‑, што‑н. (будынак, пакой і пад.). Памяшканне амбулаторыі занялі пад ваенны штаб. Мележ. — [Кантора] вунь там, — паказала Маня на памяшканне ў глыбіні двара. Васілевіч.

пан, ‑а, м.

1. Уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах). Быў у адным маёнтку такі ліхі пан.. Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго на смерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў. Якімовіч.

2. Асоба, якая належыць да прывілеяваных (чыноўных, арыстакратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі. Сюды, на ўлонне бароў і палян, Калісь прыязджаў з-за паўсвету Красой любавацца вяльможнейшы пан. Арочка. І я ўявіў і спевака, і сцэну, і залу, дзе не знатныя паны сабраліся, а людзі, што сумленна жадаюць жыць, без крыўды, без маны. А. Вольскі.

3. Асоба, якая карыстаецца ўладай у адносінах да залежных ад яе людзей. Выходзяць на поле плугі, Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.

4. Разм. Пра чалавека, які ўхіляецца ад працы, імкнецца набыць звычкі, уласцівыя пану. [Бацька:] — Глядзі ты, які пан стаў. Пальцам нельга крануць. Навуменка.

5. (звычайна пры звароце, часта ў клічнай форме пане). Разм. Форма ветлівага звароту або ўпамінання асобы, якая належала да прывілеяваных слаёў грамадства. [Стары:] — Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Лынькоў. [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч. // У наш час — форма ветлівага звароту да афіцыйных прадстаўнікоў або грамадзян іншых краін. Паважаныя дамы і паны!

•••

Сам сабе пан гл. сам.

[Чэшск. pan.]