па́мяць 1, ‑і, ж.

1. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні. Зрокавая памяць. □ — Памяць [Валя] мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё.. раскажа, дзе і што бачыла. Якімовіч. Стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак.

2. Запас уражанняў, мінулы вопыт, якія захоўваюцца ў свядомасці і могуць быць адноўлены. Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. Святлана перабірала ў памяці ўсе вясковыя работы, якія яна ведала. Шахавец.

3. Успамін пра каго‑, што‑н. На трэці дзень пляменнік паехаў дахаты, пакінуўшы ў нас добрую памяць аб сваім наведванні. Пальчэўскі. // Пра тое, што напамінае аб кім‑, чым‑н. [Рынальда:] — Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў. Краўчанка. // Успамін аб памёршым. Жывымі справамі Паэта памяць З любоўю ўшаноўвае народ. Аўрамчык.

4. Здольнасць мысліць, разважаць, усведамляць свае ўчынкі, пачуцці; прытомнасць. Бацька не то спаў, не то быў без памяці, але ляжаў неспакойна. Чарнышэвіч. Да памяці Максімка вярнуўся толькі на другі дзень, на руках у заплаканай маці. Сіняўскі.

•••

Маторная памяць — від памяці, які праяўляецца ў здольнасці выпрацоўваць сувязі паміж раздражненнем і рухам.

Без памяці — а) забываючы аб усім, да страты прытомнасці; вельмі моцна. Сёмка Бугай паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску. Лынькоў. Напіліся ксяндзы і заснулі без памяці. Якімовіч; б) у знач. вык. У захапленні ад каго‑, чаго‑н.

Варушыць памяць гл. варушыць.

Вечная памяць каму — пажаданне, каб заўсёды помнілі нябожчыка.

Выкінуць з памяці гл. выкінуць.

Выкрасліць з памяці гл. выкрасліць.

Вылецець (выскачыць) з памяці гл. вылецець.

Дайсці да памяці гл. дайсці.

Дацца ў памяць гл. дацца.

Кароткая (курыная, дзіравая) памяць — дрэнная, слабая памяць.

Мець у памяці гл. мець.

Набегчы на памяць гл. набегчы.

На памяці чыёй; пры памяці чыёй; за чыю памяць — у перыяд жыцця каго‑н., калі ён сам быў сведкам чаго‑н. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. [Дзед:] — За маю памяць мядзведзя тут бачылі гадоў мо’ з дваццаць таму назад. Якімовіч.

На памяць — для таго, каб помніць, не забываць каго‑, што‑н. (дарыць, даваць і пад.).

На памяць (па памяці) — не гледзячы ў тэкст (гаварыць, чытаць і пад.).

Не ў памяць — пра тое, што не помніцца. Зіма такая мне не ў памяць. Астрэйка.

Па старой памяці — пад уплывам даўніх звычак, успамінаў аб мінулым. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці. Колас.

Прыйсці на памяць гл. прыйсці.

Сысці з памяці гл. сысці.

па́мяць 2, ‑і, ж.

Здольнасць электроннай машыны захоўваць і выдаваць запісаную інфармацыю, а таксама ўстройства электроннай машыны для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі. Машынная памяць.

памя́ць, ‑мну́, ‑мне́ш, ‑мне́; ‑мнём, ‑мняце́; зак., каго-што.

1. Зрабіць мятым; змяць. Памяць касцюм. // Пашкодзіць ударамі, штуршкамі і пад., пагнуць. // Прыбіць, прытаптаць (пра расліны). Памята, пабіта краса і аздоба Твае збажыны. Колас.

2. Разм. Пакалечыць. Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётн[ую] кар’еру.. — вока падбіў, лапы трохі пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Лынькоў.

3. і без дап. Мяць (у 1, 2 знач.) некаторы час.

4. Тое, што і пацерці (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)