пан, ‑а, м.
1. Уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах). Быў у адным маёнтку такі ліхі пан.. Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго на смерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў. Якімовіч.
2. Асоба, якая належыць да прывілеяваных (чыноўных, арыстакратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі. Сюды, на ўлонне бароў і палян, Калісь прыязджаў з-за паўсвету Красой любавацца вяльможнейшы пан. Арочка. І я ўявіў і спевака, і сцэну, і залу, дзе не знатныя паны сабраліся, а людзі, што сумленна жадаюць жыць, без крыўды, без маны. А. Вольскі.
3. Асоба, якая карыстаецца ўладай у адносінах да залежных ад яе людзей. Выходзяць на поле плугі, Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.
4. Разм. Пра чалавека, які ўхіляецца ад працы, імкнецца набыць звычкі, уласцівыя пану. [Бацька:] — Глядзі ты, які пан стаў. Пальцам нельга крануць. Навуменка.
5. (звычайна пры звароце, часта ў клічнай форме пане). Разм. Форма ветлівага звароту або ўпамінання асобы, якая належала да прывілеяваных слаёў грамадства. [Стары:] — Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Лынькоў. [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч. // У наш час — форма ветлівага звароту да афіцыйных прадстаўнікоў або грамадзян іншых краін. Паважаныя дамы і паны!
•••
Сам сабе пан гл. сам.
[Чэшск. pan.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)