Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́рпанне і карпа́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. корпаць, карпаць і корпацца, карпацца.

ко́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і карпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Разм.

1. у чым. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. Корпацца ў пяску. Корпацца ў градах. // Не спяшаючыся, разбірацца ў чым‑н., папраўляючы, наладжваючы. Корпацца ў прыёмніку. Корпацца ў фотаапараце. □ Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. // Шукаць, перабіраючы што‑н. Корпацца ў паперах. Корпацца ў чамадане. □ Салёнаў доўга корпаўся ў скрынцы — перабіраў шурупчыкі, маткі старога дроту, сапсаваныя ліхтарыкі — шукаў шкларэз. Даніленка.

2. перан. Рабіць што‑н. марудна, не спяшаючыся або няўмела. Пляменніца працавала на ферме, а маці Ліды, пастарэлая і зусім знядужаная, пакрысе корпалася каля дому. Кавалёў. — Дакуль вы будзеце корпацца... Не на вечарынку ж збіраецеся... Васілевіч.

3. перан. Вельмі дэталёва аналізаваць што‑н., абдумваць што‑н., разбірацца ў чым‑н. — І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам. Шамякін.

ко́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і карпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што чым.

Разм. Раскопваць, калупаць. Валодзя звычайна корпаў нагамі вільготны пясок і гаварыў з жалем: — Сырая яшчэ, брат. І гразі поўна... Якімовіч. Унурыўшыся, хадзіў [Гендарсан] па раллі і наском бота або ручкай бізуна корпаў зямлю. Чарнышэвіч.

ко́ршак, ‑а і карша́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і ястраб. Высока-высока ў небе, распластаўшы крылы, кружыў коршак. Даніленка. Толькі адзін Андрэй адважваўся ўзлезці на самую верхавіну дуба і, пакуль старыя каршакі гойсалі дзе-небудзь, шукаючы здабычы, пабраць каршачанят у кішэню. Лобан.