Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кале́чанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калечыць.

кале́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Станавіцца калекам (калекай), нявечыцца.

2. Зал. да калечыць.

кале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Рабіць калекам (калекай). Нас, малых, калечылі і фізічна і маральна. Бядуля. — Як жа гэта вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога? Колас. // Пашкоджваць, раніць (цела, рукі, ногі і інш.). Калечыць ногі.

2. перан. Псаваць, нявечыць маральна, рабіць непаўнацэнным. Калечыць жыццё. Калечыць душу. // Псаваць, скажаць, надаваць чаму‑н. іншую форму, сэнс. Зрэбная кашуля скрозь вылатаная, але яна не можа ўжо калечыць абрысы.. [Любінага] цела. Чорны. Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумным калькавыя пераклады і так званыя канцылярызмы. Скрыган.

калёвачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для калёўкі (у 1 знач.). Калёвачны станок.

калёквіум, ‑у, м.

Род вуснага экзамену: гутарка выкладчыка са студэнтамі з мэтай выяўлення і павышэння іх ведаў. Правесці калёквіум.

[Ад лац. colloquim — гутарка.]

калёсіка, ‑а, н.

Разм. Дэталь механізма ў форме невялічкага кола; шасцярэнька. [Міхалка] выведае тады ўсю механіку калёсікаў, зубчыкаў, спіц, шасцерняў, шрубікаў і спружын, якіх у гадзінніку так многа... Бядуля.

калёскі, ‑сак; адз. няма.

Невялічкія калёсы спецыяльнага прызначэння. Дзіцячыя калёскі.

калёсны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калёс, прызначаны для іх. Калёсны скрып. Калёсная мазь. // Заняты вырабам калёс. Калёсны цэх. Калёсны майстар. // Прыгодны для язды на калёсах, пракладзены калёсамі (пра дарогу, шлях). Вузкая калёсная дарога ўецца праз малады калгасны сад. Сачанка.

калёсы, калёс; адз. няма.

Конная чатырохколая гаспадарчая павозка. Пяцёра калёс былі ўжо запрэжаны, у кожныя калёсы па пары коней. Чарнышэвіч. Каня запрагаю ў калёсы, Дугу закладаю ў гужы, Вязу і сярпы я і косы, І граблі ў свой стан на Сажы. Куляшоў.

калёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Спец.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. каляваць.

2. Спецыяльны рубанак для выстругвання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.).

3. У сталярнай справе — фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем.