палява́ць, палюю, палюеш, палюе; незак.
1. на каго, каго і без дап. Займацца паляваннем (у 1 знач.). — Той, хто хоча паляваць на вялікую зверыну, павінен мець і вялікую цярплівасць... Паслядовіч. [Сухараў] у маладосці з рагацінаю хадзіў на мядзведзя, паляваў ізюбра і дзікіх коз. Грахоўскі. Увосень на янота палююць з сабакамі. В. Вольскі.
2. за кім, на каго. Высочваючы, імкнуцца напасці на чый‑н. след, злавіць каго‑н. — Не, — адказаў Былінскі — Вы для гэтай справы не падыходзіце. За вамі гестапа даўно палюе. Гурскі. Акупанты палявалі на .. [разведчыка] і аднойчы схапілі. Загадалі паказаць партызанскі лагер. Вішнеўскі.
3. перан.; на што. Разм. Імкнуцца здабыць, атрымаць, украсці што‑н. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Лобан.
4. Спец. Знаходзіцца ў стане цечкі (пра жывёлу).
паляве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць больш левым у сваіх палітычных поглядах і перакананнях.
паляві́к, ‑левіка, м.
Разм.
1. Жыхар бязлеснай вёскі.
2. У старажытнай беларускай міфалогіі — гаспадар поля.
паляво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Спецыяліст па паляводству. Да сходу рыхтаваліся ўсе: і паляводы, і жывёлаводы, і механізатары. Дуброўскі.
паляво́дства, ‑а, н.
Развядзенне і вырошчванне палявых сельскагаспадарчых культур; галіна сельскагаспадарчай навукі, якая займаецца вывучэннем развядзення і вырошчвання гэтых культур.
паляво́дчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паляводства. Паляводчая брыгада.
палявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да поля (у 1 знач.). Хадзілі дзяўчаты лясамі, Хадзілі дзяўчаты лугамі, Хадзілі у даль палявую, Збіралі красу веснавую. Русак. // Такі, які бывае ў полі; характэрны для поля. Куды ні пайду — усё вясну нагадае: І першая пругкая зелень травы, Здалёку туманаў смуга залатая, І ціш палявая, і шум баравы. Хведаровіч. // Які знаходзіцца ў полі. Палявы стан. □ Палявая дарожка прывяла нас у ціхі лес. Бялевіч. // Які расце ў полі. Палявыя травы. □ Аднекуль вынырнула групка дзяўчат з палявымі кветкамі ў руках. Хадкевіч. Паводдаль ад дарогі разгацілася палявая дзічка. Чорны.
2. Звязаны з выкарыстаннем палёў для пасеваў, з работамі ў полі. Палявы севазварот. □ Палявыя работы кончаны: жыта пасеяна, бульба выбрана, зябліва заворана. Чарнышэвіч.
3. Які дзейнічае, прымяняецца ў баявых умовах; паходны. Палявы тэлефон. Палявы аэрадром. Палявы шпіталь. □ [Камандзір:] — У нас была ўласная палявая кухня, .. сапраўдная кухня, вайсковая. Брыль. Першым ішоў шыракаплечы чалавек у новым мундзіры з палявымі пагонамі генерал-маёра. Шамякін.
4. Звязаны з дзеяннямі ў прыродных умовах. Палявая практыка геолагаў.
5. Спец. Паляўнічы 2. Палявыя якасці сетэра.
6. Састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Палявая мыш.
•••
Палявая сумка гл. сумка.
Палявы шпат гл. шпат.
паляга́льнасць, ‑і, ж.
Спец. Схільнасць да палягання; наяўнасць палягання. Высокі працэнт палягальнасці збажыны.
паляга́нне, ‑я, н.
Спец. Прыгібанне, схіленне травяністых раслін да зямлі. У разрэджаных шырокарадковых пасевах небяспека палягання раслін значна змяншаецца ў параўнанні з густым павевам. «Беларусь».
паляга́ць, ‑ае.
Незак. да палегчы (у 2 знач.).