канюшы́нішча, ‑а, н.
Поле, з якога сабралі канюшыну або на якім папярэдняй культурай была канюшына. — І няма чаго сеяць на канюшынішчы жыта, — даводзіў адзін з брыгадзіраў, — калі ў наступную вясну можна пасеяць, напрыклад, яравую пшаніцу. Кулакоўскі.
канюшы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да канюшыны. Канюшыннае насенне. Канюшынная атава. // Засеяны канюшынай. Канюшыннае поле.
ка́ня, ‑і, м.
1. Драпежная птушка сямейства ястрабіных, дакучлівы манатонны крык якой нагадвае слова «піць»; сарыч, канюк. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня вечнага «піць» не заводзіць. Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць. Купала.
2. Абл. Кнігаўка. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Гартны.
каняво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Чалавек, які займаецца конегадоўляй.
2. Тое, што і канавод 1. Цыбулька загадаў выдаць Кітайчонку вінтоўку і абмундзіраванне і прызначыў да сябе каняводам. Шчарбатаў.
каня́жына, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і каняка. Каняжына, захропшы, ірванула. Гурскі.
каня́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑няцы, Т ‑ай, ж.
Разм. Пра слабага заезджанага каня. Худы каняка неахвотна перабіраў нагамі, апасліва паглядаючы касым вокам на пугу. «Полымя». Каняка на гарбіну моста ішла дробным, няроўным трухам. Гартны.
каняня́ і канянё, ‑няці; мн. ‑няці, ‑нят; н.
Разм.
1. Пра маларослага непрыгляднага каня. — Канянё было ў мяне хоць дужае, але гультаяватае — ідзе сабе памалу і, хоць ты зарэж яго, не пабяжыць. Бядуля. Аднойчы раніцай я прачнуўся і ўбачыў на двары нейкае малое заморанае каняня. Дамашэвіч.
2. Тое, што і жарабя.
каня́тнік, ‑а, м.
Разм. Пра ваўка, які душыць коней. Ён слухаў разам з намі воўчыя песні і расказваў, як учора ноччу конюх у іх на ўчастку з кладоўкі праз акно аблажыў аднаго старога канятніка. Пташнікаў.
каняфе́рма, ‑ы, ж.
Конегадоўчая ферма. Бацька атрымаў прэмію за лепшую каняферму ў вобласці. Арабей.