палко́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які належыць палкоўніку, уласцівы палкоўніку. Палкоўніцкі мундзір. □ Палкоўніцкі маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволі яшчэ далёка. Чорны.
палко́ўнічыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Разм. Жонка палкоўніка.
пало́ва 1, ‑ы, ж.
Разм.
1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас. Печ з палком і палаці займалі ледзь не палову хаты. Галавач.
2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежка часу і пад. Яшчэ была толькі палова верасня, а надыход зімы ў тайзе ўжо добра адчуваўся. Мяжэвіч. // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Гадзіннік паказваў палову пятай. Арабей. У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў.
3. Асобная частка жылога памяшкання. [Нявестка] паклікала нас у другую палову дома і гэтым спыніла нашу гутарку. В. Вольскі.
пало́ва 2, ‑ы, ж.
Рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна.
пало́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад палажыць.
пало́ззе, ‑я, н., зб.
Палазы саней. У адным кутку стаялі новыя восі.., палоззе на сані, два старыя колы з новымі абадамі. Ермаловіч.
пало́йка, ‑і, ДМ ‑лойцы; Р мн. ‑лоек; ж.
Жменя атрапанага або ачэсанага льну. Андрэй без жалю ламаў і трушчыў церніцай лён, выціраў кастрыцу і клаў у кучу бліскучыя белыя палойкі. Чарнышэвіч. // перан. Аб пасме белых валасоў. [Сымон Баранавых] неяк бачком прайшоўся па пакоі і, рэзка рукою адкінуўшы назад ільняную палойку валасоў, застыў ад здзіўлення. Хведаровіч.
пало́к, ‑лка, м.
1. Нары паміж печчу і ложкам або паміж печчу і супрацьлеглай сцяной уздоўж глухой сцяны ў сялянскай хаце. Нявестка, памыўшы посуд, прылягла на палку пры печы. Мыслівец. Усе распраналіся, клалі адзежу на палок ля печы ў адну кучу, рассаджваліся. Гаўрылкін. // Тое, што і пол 2 (у 1 знач.). Пры печы туляцца палаці, Уздоўж сцяны стаіць палок. Колас. Ад печы да супрацьлеглай сцяны быў пасланы палок з дошчак, засланы коўдрамі. Галавач.
2. Памост у лазні, на якім парацца. На палку, дзе звычайна парацца, гарыць свечка. Навуменка.
3. Спец. Падвесная платформа, з якой вядзецца будаўніцтва ствалоў шахт, руднікоў.
пало́льнік, ‑а, м.
Прылада для разрыхлення глебы і ачысткі пасеваў ад пустазелля.
пало́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць, прызначаны для поліва. Палольны агрэгат.