палова 1, ‑ы, ж.

Разм.

1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас. Печ з палком і палаці займалі ледзь не палову хаты. Галавач.

2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежка часу і пад. Яшчэ была толькі палова верасня, а надыход зімы ў тайзе ўжо добра адчуваўся. Мяжэвіч. // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Гадзіннік паказваў палову пятай. Арабей. У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў.

3. Асобная частка жылога памяшкання. [Нявестка] паклікала нас у другую палову дома і гэтым спыніла нашу гутарку. В. Вольскі.

палова 2, ‑ы, ж.

Рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)