казёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Уст.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — казённы вінны магазін.
2. Гарэлка, якую прадавалі ў такіх магазінах. За чаркай казёнкі незнаёмы расказваў у карчме, як ён калісьці служыў у гэтым самым Міры фурманам-паштальёнам. Мальдзіс.
казённако́штны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Якога вучылі і трымалі на сродкі казны, за казённы кошт. Казённакоштны семінарыст.
казённік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і казённая частка (гл. частка). З рулі вінтоўкі яшчэ не выкурыўся дым ад першага стрэлу, як Свістуноў даслаў у казённік ствала другі патрон і яшчэ раз стрэліў. Паўлаў.
казённы, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да казны, належыць ёй; дзяржаўны. Казённая зямля. Казённыя грошы. Казённы лес. // Які выдаецца з казны, за кошт казны, дзяржавы. Казённае абмундзіраванне. □ Цесляры выбягалі з баракаў, размахваючы казённымі сякерамі. Чорны. // Які аплачваецца казной. Казённая кватэра.
2. Уст. Які знаходзіўся на дзяржаўнай службе. На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Колас.
3. перан. Неадабр. Бюракратычны, фармальны. Казённы падыход да справы. Казённае выхаванне. // Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны. Казённая мова. Казённыя фразы.
•••
Казённая палата гл. палата.
Казённая частка гл. частка.
Казённы дом гл. дом.
Ногі не казённыя гл. нага.
казёншчына, ‑ы, ж.
Разм. Бюракратычны падыход да чаго‑н.; фармалізм, бяздушнасць. Шамякін з усёй рашучасцю сцвярджае, што бяздушны фармалізм, казёншчына вытручваюць з чалавека ўсё жывое. Кучар.
казіне́т, ‑у, М ‑неце, м.
Від (даўнейшай) тоўстай баваўнянай або паўшарсцяной тканіны для верхняга адзення.
[Ням. Kasinett.]
казіне́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казінету. Казінетавая матэрыя. // Зроблены, пашыты з казінету. Казінетавая куртка.
казі́нец, ‑нцу, м.
Скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае.
казіно́, нескл., н.
У буржуазных краінах — загарадны ігральны дом або рэстаран з эстрадай.
[іт. casino.]
казі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казы (у 1 знач.), належыць ёй. Казінае малако. Казіная шкура. Казіныя сляды. // Зроблены са шкуры, шэрсці, малака казы. Казіны сыр.
•••
Казіная ножка гл. ножка.
Загнаць у казіны рог гл. загнаць.