кары́слівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае на ўвазе выгаду, карысць, заснаваны на карысці. Карыслівыя інтарэсы. Карыслівыя мэты. □ [Васіля] закранула яе [Машына] халодная, карыслівая разважлівасць. Шамякін.
2. Які імкнецца да асабістай выгады, карысці. Карыслівы чалавек.
кары́сна,
1. Прысл. да карысны.
2. безас. у знач. вык. Прыносіць карысць, ідзе на карысць. Карысна спаць пры адчыненай фортцы. «Работніца і сялянка».
кары́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць карыснага (у 1 знач.). Васількі, як вядома, у нашай народна-фальклорнай традыцыі — гэта сімвал мастацтва, хараство ўвогуле, жыта — сімвал матэрыяльнай карыснасці. Лойка.
кары́сны, ‑ая, ‑ае; ‑а.
1. Які прыносіць карысць. Карысная справа. Карысная заўвага. □ — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Трэба добра павучыцца, каб быць карысным у жыцці. Колас.
2. Спец. Які складае частку цэлага, выкарыстоўваецца непасрэдна па прызначэнню. Карысная плошча.
•••
Карысныя выкапні гл. выкапень.
Каэфіцыент карыснага дзеяння гл. каэфіцыент.
карыста́льнік, ‑а, м.
Той, у чыім карыстанні знаходзіцца якая‑н. маёмасць. Карыстальнік зямель.
карысталю́бец, ‑бца, м.
Тое, што і карысталюбівец.
карысталюбі́вец, ‑біўца, м.
Карыслівы чалавек; карысталюбец.
карысталюбі́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і карыслівы. Карысталюбівы чалавек.
карыста́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. карыстацца (у 1 знач.). Зручны для карыстання. Месцы агульнага карыстання. □ — У дакуменце павінна быць напісана, што памешчык Абхазава адмаўляецца ад карыстання лесам і лугам, якія ён захапіў у сялян Сабакучава. Самуйлёнак.