Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калга́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калгасніка, калгаснікаў, належыць ім. — Ну, Люба, апраўдала ты давер’е наша, калгасніцкае. Васілевіч.

калга́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да калгаса, калгасаў, належыць ім. Калгасны статак. Калгасныя палеткі. Калгаснае будаўніцтва. // Які ўваходзіць у калгас, працуе ў калгасе. Калгаснае сялянства. Калгасны каваль. Калгасны аграном.

2. Заснаваны на калектыўнай форме гаспадаркі. Калгасны лад. Калгасная вытворчасць.

калго́ткі, ‑так; адз. няма.

Памянш. да калготы.

калго́ты, ‑гот; адз. няма.

Жаночыя ці дзіцячыя панчохі, вывязаныя разам са штанамі; штаны-панчохі.

[Чэшск. kalhoty.]

калдо́ба, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і калдобіна. Некалі тут ездзілі на калёсах, знаць тор — павыбіваныя калдобы. Пташнікаў.

калдо́біна, ‑ы, ж.

Выбоіна, ямка на дарозе. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ў бакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка. Адзін з грузавікоў.., заходзячыся сіплым выццём, спрабаваў выбрацца з калдобіны, але калёсы буксавалі. Мележ. // Паглыбленне, упадзіна на мясцовасці або на дне вадаёма. Прыходжу нарэшце з кошыкам па грыбы — зноў свежыя калдобіны чарнеюць. Ігнаценка.

калдо́бісты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю калдобін. Калдобістая дарога гайдала нас, і Валі рабілася блага. Пташнікаў. Аўтобус, пакалыхваючыся з боку на бок, выплыў з калдобістай вулачкі на шырокую местачковую плошчу. Адамчык.

калдунава́ты, ‑ая, ‑ае.

Са зблытанымі, скудлачанымі валасамі. Калдунаватая галава.

калду́ніцца, ‑ніцца; незак.

Разм. Блытацца, кудлачыцца (пра валасы, шэрсць і пад.).

калду́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

Разм. Блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.).