Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канцэнтры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае агульны цэнтр. Канцэнтрычныя акружнасці. Канцэнтрычная пабудова горада. Канцэнтрычная кампазіцыя твора.

2. Заснаваны на канцэнтрызме. Канцэнтрычная сістэма навучання.

канцэптуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канцэпцыі, які вынікае з канцэпцыі. Канцэптуальны падыход.

канцэ́пцыя, ‑і, ж.

1. Сістэма поглядаў, спосаб разумення якіх‑н. з’яў. Гісторыка-філасофская канцэпцыя. Эстэтычная канцэпцыя.

2. Асноўная думка, агульная задума твора. Характэрна і назва апавядання — «Не згасне сонца». Яна сама вызначае аптымістычную канцэпцыю твора. Арабей. Заканчвалася «Новая зямля» ў паслякастрычніцкі час, і гэта не магло не адбіцца на ідэйна-творчай канцэпцыі яе. Адамовіч.

[Лац. conceptio.]

канцэраге́н, ‑а, м.

Рэчыва, фактар, якія садзейнічаюць узнікненню злаякасных пухлін.

[Лац. cancer — злаякасная пухліна і грэч. genos — паходжанне.]

канцэрагене́з, ‑у, м.

Працэс узнікнення і развіцця злаякасных пухлін.

канцэраге́ннасць, ‑і, ж.

Здольнасць выклікаць злаякасныя пухліны. Канцэрагеннасць рэчыва.

канцэраге́нны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае злаякасную пухліну, мае адносіны да канцэрагенаў.

канцэ́рн, ‑а, м.

Адна з форм капіталістычных манаполій — аб’яднанне прадпрыемстваў розных галін прамысловасць банкаў і інш. пад агульным фінансавым кіраўніцтвам з захаваннем фармальнай незалежнасці ўдзельнікаў.

[Англ. concern.]

канцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Публічнае выкананне інструментальных, вакальных музычных твораў, а таксама харэаграфічных, дэкламацыйных і інш. нумароў па пэўнай праграме. Сімфанічны канцэрт. Канцэрт мастацкай самадзейнасці. Эстрадны канцэрт. □ Крысціна не магла не быць у трывозе за тое, што яе няма вось на гэтым канцэрце, што яна не слухае, як спявае яе малодшая сястра. Кавалёў.

2. Буйны музычны твор для аднаго інструмента ў суправаджэнні аркестра. Канцэрт для фартэп’яна з аркестрам. Скрыпічны канцэрт.

•••

Кашэчы канцэрт — а) пра завыванне катоў; б) пра бязладныя спевы, музыку і інш.

[Фр. concert.]

канцэртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Даваць канцэрты, выступаць у канцэртах.