Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́ля, ‑і, ж.

1. Бервяно, брус, забітыя ў грунт, якія служаць апорай розным пабудовам, збудаванням. Над замеценымі снегам берагамі нешырокай ракі выгнуўся мост на прысадзістых палях. Грахоўскі. Непадалёк ад прычалаў з вады, быццам чорныя іклы нейкага страшыдла, .. тырчалі вострыя абгарэлыя канцы паляў. Савіцкі.

2. Спец. Чыгунная тумба, да якой канатамі прымацоўваюць судна ў час стаянкі.

палява́нне, ‑я, н.

1. Пошукі і праследаванне дзікіх звяроў або птушак з мэтай знішчэння ці лоўлі; занятак паляўнічага. Залатой восенню, удваіх, мы паехалі ў палескія лясы на паляванне. Гурскі. Зараз усе краіны.. прынялі закон аб забароне палявання на белых мядзведзяў. Матрунёнак.

2. Дзеянне паводле дзеясл. паляваць (у 2, 3 знач.) і стан паводле дзеяслова паляваць (у 4 знач.).

палява́ць, палюю, палюеш, палюе; незак.

1. на каго, каго і без дап. Займацца паляваннем (у 1 знач.). — Той, хто хоча паляваць на вялікую зверыну, павінен мець і вялікую цярплівасць... Паслядовіч. [Сухараў] у маладосці з рагацінаю хадзіў на мядзведзя, паляваў ізюбра і дзікіх коз. Грахоўскі. Увосень на янота палююць з сабакамі. В. Вольскі.

2. за кім, на каго. Высочваючы, імкнуцца напасці на чый‑н. след, злавіць каго‑н. — Не, — адказаў Былінскі — Вы для гэтай справы не падыходзіце. За вамі гестапа даўно палюе. Гурскі. Акупанты палявалі на .. [разведчыка] і аднойчы схапілі. Загадалі паказаць партызанскі лагер. Вішнеўскі.

3. перан.; на што. Разм. Імкнуцца здабыць, атрымаць, украсці што‑н. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Лобан.

4. Спец. Знаходзіцца ў стане цечкі (пра жывёлу).

паляве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць больш левым у сваіх палітычных поглядах і перакананнях.

паляві́к, ‑левіка, м.

Разм.

1. Жыхар бязлеснай вёскі.

2. У старажытнай беларускай міфалогіі — гаспадар поля.

паляво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па паляводству. Да сходу рыхтаваліся ўсе: і паляводы, і жывёлаводы, і механізатары. Дуброўскі.

паляво́дства, ‑а, н.

Развядзенне і вырошчванне палявых сельскагаспадарчых культур; галіна сельскагаспадарчай навукі, якая займаецца вывучэннем развядзення і вырошчвання гэтых культур.

паляво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паляводства. Паляводчая брыгада.

палявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да поля (у 1 знач.). Хадзілі дзяўчаты лясамі, Хадзілі дзяўчаты лугамі, Хадзілі у даль палявую, Збіралі красу веснавую. Русак. // Такі, які бывае ў полі; характэрны для поля. Куды ні пайду — усё вясну нагадае: І першая пругкая зелень травы, Здалёку туманаў смуга залатая, І ціш палявая, і шум баравы. Хведаровіч. // Які знаходзіцца ў полі. Палявы стан. □ Палявая дарожка прывяла нас у ціхі лес. Бялевіч. // Які расце ў полі. Палявыя травы. □ Аднекуль вынырнула групка дзяўчат з палявымі кветкамі ў руках. Хадкевіч. Паводдаль ад дарогі разгацілася палявая дзічка. Чорны.

2. Звязаны з выкарыстаннем палёў для пасеваў, з работамі ў полі. Палявы севазварот. □ Палявыя работы кончаны: жыта пасеяна, бульба выбрана, зябліва заворана. Чарнышэвіч.

3. Які дзейнічае, прымяняецца ў баявых умовах; паходны. Палявы тэлефон. Палявы аэрадром. Палявы шпіталь. □ [Камандзір:] — У нас была ўласная палявая кухня, .. сапраўдная кухня, вайсковая. Брыль. Першым ішоў шыракаплечы чалавек у новым мундзіры з палявымі пагонамі генерал-маёра. Шамякін.

4. Звязаны з дзеяннямі ў прыродных умовах. Палявая практыка геолагаў.

5. Спец. Паляўнічы ​2. Палявыя якасці сетэра.

6. Састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Палявая мыш.

•••

Палявая сумка гл. сумка.

Палявы шпат гл. шпат.

паляга́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Схільнасць да палягання; наяўнасць палягання. Высокі працэнт палягальнасці збажыны.