Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пазна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пазнаць (у 2 знач.).

2. Працэс аб’ектыўнага азнаямлення з акаляючым светам; здольнасць пазнаваць. Працэс пазнання. Навуковы метад пазнання. □ Душа [Вялічкі] раскрылася для пазнання свету, яна шукала гэтага пазнання. Чорны.

пазна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазнаць (у 1–4 знач.).

пазнахо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Знайсці, адшукаць усіх, многіх або ўсё, многае. Пазнаходзіць закінутыя рэчы. □ Скуратовіч трывожыўся і сам пазнаходзіў свае каровы. Чорны. Кінуся ва ўсе бюро даведак, Пазнаходжу хлопцаў адрасы. Куляшоў.

пазна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Пазнаць што‑н., атрымаць уяўленне аб чым‑н. Я пазнаўся з тайнамі юнацтва. Гілевіч. // Адчуць на ўласным вопыце, зведаць. Пазнацца з бядою. Пазнацца са славаю.

2. Добра пазнаёміцца з кім‑н., падружыцца. Пазнацца з суседзямі. □ Толькі два дні прайшло, Шэмет не паспеў яшчэ ні сам добра агледзецца, ні з людзьмі пазнацца. Лобан.

пазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прызнаць у кім‑, чым‑н. знаёмага або знаёмае. Раптам прыезджы павярнуўся, і Віця пазнаў яго: гэта быў Запольскі. Пальчэўскі. Вясковыя дазорцы заўважылі варожы атрад, пазналі правадніка і .. паслалі сваіх сувязных, каб сказаць партызанам. Гурскі. Чысты пакой нельга было пазнаць. .. Ложкі Аўдоцця прадала, і той кут, дзе яны стаялі, зусім апусцеў. Чарнышэвіч. // і без дап. Распазнаць па якіх‑н. прыкметах каго‑, што‑н. Толькі па дзвюх абгарэлых бярозах, што калісьці стаялі перад хатай, стары пазнаў месца, дзе пражыў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін.

2. і без дап. Вывучыць з’явы акаляючага жыцця, прыроды, рэальнасці. Пазнаць сутнасць рэчаў. Пазнаць тайны сусвету. □ [Бацька:] — Пазнаць жыццё пушчы, сынку, не проста, не адразу яно адкрываецца новаму чалавеку. Хадкевіч.

3. Атрымаць сапраўднае ўяўленне аб кім‑, чым‑н. Пазнаць народнае жыццё. □ І пазнаў я жыццёвую тайну, — дзве слязы, як упалі на грудзі... Трус.

4. Перажыць, перацярпець; зведаць. Пазнаць гора. Пазнаць нястачу.

5. і з дадан. сказам. Зразумець што‑н. Калі .. [Аня] гаварыла, карыя вочы яе і выраз твару рэзка мяняліся, і па іх лёгка можна было пазнаць Аніны перажыванні. Карпюк. Здалёк і не пазнаць было, што гэта куры, — проста рознакаляровыя ласкуты. Паўлаў.

•••

Пазнаць, дзе ракі зімуюць — зведаць, што такое сапраўдныя цяжкасці.

пазна́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазначыць.

пазнача́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да пазначаць.

пазнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пазначыць (у 1 знач.).

пазна́чыцца, ‑чыцца; зак.

1. Прыкметна змяніцца. [Марынчук:] — Нешта не разбяруся, — еў я той хлеб ці не еў? Нічога не пазначылася. С. Александровіч.

2. Зрабіцца бачным; зрабіцца прыкметным. Маршчыны пазначыліся. □ Наўкол палыхалі пажары, а ў лесе скрозь усю ноч было цёмна, і толькі пад ранне патроху пазначылася пад нагамі дарога. Чыгрынаў.

пазна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Паставіць на чым‑н. знак, лічбу або надпіс; пранумараваць. Па вёсцы паўзуць пушчаныя ворагам чуткі, быццам калгаснікаў будуць таўраваць, .. каб пазначыць. Лужанін. Калі б пазначыць на геаграфічнай карце ўсе мясціны, куды кідаў лёс Я. Купалу ў дарэвалюцыйны час, то яна была б усеяна кружочкамі. Шкраба. Найбольш важкія эстэтычныя думкі паэта кожны можа выпісаць ці пазначыць у кнізе. «Полымя».

2. Вызначыць, акрэсліць. Янка Брыль не назначыў жанру свайго новага твора «Птушкі і гнёзды». Юрэвіч. Я .. на бой падымаўся, каб краю здабыць перамогу, душой загараўся, каб другу пазначыць дарогу. Кірэенка.