пазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прызнаць у кім‑, чым‑н. знаёмага або знаёмае. Раптам прыезджы павярнуўся, і Віця пазнаў яго: гэта быў Запольскі. Пальчэўскі. Вясковыя дазорцы заўважылі варожы атрад, пазналі правадніка і .. паслалі сваіх сувязных, каб сказаць партызанам. Гурскі. Чысты пакой нельга было пазнаць. .. Ложкі Аўдоцця прадала, і той кут, дзе яны стаялі, зусім апусцеў. Чарнышэвіч. // і без дап. Распазнаць па якіх‑н. прыкметах каго‑, што‑н. Толькі па дзвюх абгарэлых бярозах, што калісьці стаялі перад хатай, стары пазнаў месца, дзе пражыў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін.

2. і без дап. Вывучыць з’явы акаляючага жыцця, прыроды, рэальнасці. Пазнаць сутнасць рэчаў. Пазнаць тайны сусвету. □ [Бацька:] — Пазнаць жыццё пушчы, сынку, не проста, не адразу яно адкрываецца новаму чалавеку. Хадкевіч.

3. Атрымаць сапраўднае ўяўленне аб кім‑, чым‑н. Пазнаць народнае жыццё. □ І пазнаў я жыццёвую тайну, — дзве слязы, як упалі на грудзі... Трус.

4. Перажыць, перацярпець; зведаць. Пазнаць гора. Пазнаць нястачу.

5. і з дадан. сказам. Зразумець што‑н. Калі .. [Аня] гаварыла, карыя вочы яе і выраз твару рэзка мяняліся, і па іх лёгка можна было пазнаць Аніны перажыванні. Карпюк. Здалёк і не пазнаць было, што гэта куры, — проста рознакаляровыя ласкуты. Паўлаў.

•••

Пазнаць, дзе ракі зімуюць — зведаць, што такое сапраўдныя цяжкасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)