Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каласі́цца, ‑сіцца; незак.

Выпускаць колас; каласаваць ​1. І ячмень, і авёс, і пшаніца Падымаюцца стройнай сцяной, Пачынаюць ужо каласіцца. Астрэйка. // перан. Шумець, пералівацца калоссем. Жыта буйна каласіцца, Нахіляецца чалом. Броўка. Каласяцца нівы на адваяваных ад балота ўрадлівых землях. В. Вольскі.

каласко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каласка.

каласні́к, ‑а, м.

1. Чыгунная рашотка ў топцы для праходу паветра пад паліва і выпадзення попелу з топкі. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у .. топку вугаль, шураваў каласнікі. Лынькоў. У топцы паравоза вываліўся адзін з каласнікоў. Васілёнак.

2. толькі мн. (каласнікі́, ‑оў). Драўляныя або металічныя брусы, злучаныя ў выглядзе рашоткі, у верхняй частцы тэатральнай сцэны для мацавання і спуску дэкарацый.

каласніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каласніка. Каласніковая рашотка.

каласо́к, ‑ска, м.

1. Памянш.-ласк. да колас. Ідзе [Міхал], а ветрык з каласкамі Вядзе прыемную размову І цешыць душу леснікову. Колас.

2. Форма ласкавага звароту. — Ой, сыне Ігнаце, Любімы сынок, Хоць вестачку маці Прышлі, каласок. Хведаровіч.

каласо́ўнік, ‑а, м.

Пустазелле сямейства злакавых. Жытні каласоўнік. Каласоўнік безасцюковы.

калатне́ча, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і калатня (у 1, 2 знач.). Але цяпер у Кашчавай хаце такая калатнеча кожны дзень, што аж вокны дрыжаць. Чарнышэвіч. З самай раніцы пачалася несусветная калатнеча ў вёсцы. Людзей зганялі на плошчу. Лынькоў.

калатну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да калаціцца.

калатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да калаціць.

калатня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.

2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.

3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.