Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канфіска́цыя, ‑і, ж.

Прымусовае бязвыплатнае адняцце грошай або маёмасці ў карысць дзяржавы. Канфіскацыя памешчыцкіх зямель. Канфіскацыя маёмасці. // Забарона карыстацца творамі друку, прадаваць іх. Канфіскацыя кнігі. □ Амаль усе нумары газеты падвяргаліся канфіскацыі паліцыяй. Шакун.

[Лац. confiscatio.]

канфіцю́р, ‑у, м.

Разнавіднасць джэму.

[Фр. confiture.]

канфлі́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Сутыкненне процілеглых бакоў, поглядаў, сіл; сур’ёзная спрэчка, нязгода. Уступіць у канфлікт. □ Палешукі агрызаліся, і на гэтым грунце вынікалі канфлікты. Колас. Канфлікт паміж фірмай і рабочымі — вечная тэма класавай барацьбы. Машара. // Ускладненне ў міжнародных адносінах, якое часам прыводзіць да ўзброенага сутыкнення. Міжнародныя канфлікт. // Супярэчнясць, сутычка, пакладзеная ў аснову сюжэта мастацкага твора. Канфлікт рамана — барацьба новага чалавека-калектывіста і чалавека-ўласніка. «ЛіМ».

[Лац. conflictus.]

канфліктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Разм. Уступаць у канфлікт з кім‑н., даходзіць да канфлікту. Рашчэня паставіў сабе за мэту быць настойлівым, цвёрдым.., але канфліктаваць з Касцянком не ўваходзіла ў яго планы. Шамякін.

канфлі́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які заключае ў сабе канфлікт, звязаны з канфліктам. Канфліктная п’еса. Канфліктная справа.

•••

Канфліктная камісія гл. камісія.

канфо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Надстаўка на самаварнай трубе для чайніка. Паставіць чайнік на канфорку. Зняць канфорку.

2. Круглая адтуліна ў кухоннай пліце, а таксама чыгунны кружок, якім гэта адтуліна закрываецца. Пліта на дзве канфоркі. // Адтуліна з гарэлкай у газавай пліце.

[Ад гал. komfoor — прыстасаванне для раскладання агню.]

канфранта́цыя, ‑і, ж.

Проціпастаўленне, сутыкненне. Пазбегнуць канфрантацыі. Ваенная канфрантацыя.

канфу́з, ‑у, м.

Няёмкае выпадковае здарэнне, якое выклікае збянтэжанасць, сорам; стан няёмкасці, збянтэжанасці, сораму. Гэтакі ж канфуз выйшаў — усё ішло так добра і гладка і на табе, заместа ментуза гада злавілі. Лынькоў.

[Ад лац. confusio — непарадак; збянтэжанасць.]

канфу́зіцца, ‑фужуся, ‑фузішся, ‑фузіцца; незак.

Прыходзіць у замяшанне, адчуваць няёмкасць; саромецца, бянтэжыцца. Дзяўчына слухала яго, чамусьці сама канфузілася і старалася хутчэй пайсці ад Казіка. Даніленка.

канфу́зіць, ‑фужу, ‑фузіш, ‑фузіць; незак., каго.

Ставіць у няёмкае становішча; бянтэжыць. [Рыбнікаў:] Баішся, каб Наталля Мікалаеўна з тону не збілася, убачыўшы цябе? Давай не будзем яе канфузіць. Крапіва. Салдаты,.. каб замаскіраваць свой вялікі рогат над начальнікам і залішне яго не канфузіць, пачалі дружна чхаць. Лынькоў.