Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

запунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зрабіцца пунсовым. Дзявочыя шчокі запунсавелі, нібы тыя ружы. Арочка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім пунсовым колерам, паказацца (аб чым‑н. пунсовым). У траве запунсавелі суніцы.

за́пуск 1, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. запускаць ​1 — запусціць ​1 (у 2, 3 і 5 знач.).

за́пуск 2, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. запускаць ​2 — запусціць ​2 (у 4 знач.).

запуска́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. запускаць ​1 — запусціць ​1 (у 1–6 знач.).

запуска́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. запускаць ​2 — запусціць ​2 (у 4 знач.).

запуска́цца 1, ‑аецца; незак.

Зал. да запускаць ​1 (гл. запусціць ​1 у 1–6 знач.).

запуска́цца 1, ‑аецца; незак.

1. Незак. да запусціцца.

2. Зал. да запускаць ​2.

запуска́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да запусціць ​1.

запуска́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да запусціць ​2.

за́пускі, ‑аў; адз. няма.

Уст. Тое, што і загавіны. «Гуляе Марыніч, запускі спраўляе, — сам сабе думае Пракоп, — у калгас наважыўся запісацца». Колас.

запустава́ць, ‑туе; зак.

1. Прыйсці ў стан заняпаду, зрабіцца пустым; апусцець. За гады вайны.. [зямля] запуставала, пакрылася купкамі зарасляў. М. Ткачоў. Ужо і яблыкі знялі, і агароды запуставалі, і лес распранаецца. Лупсякоў. // Астацца пустым, незасеяным (пра ўчастак зямлі, ніву і пад.). Не бойся, людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць. Не запустуе, не згуляе. Колас.

2. Апусцець, абязлюдзець. Дзве брыгады рабочых перабраліся ў баракі, па той бок лесу, цэглу рабіць будуць. Хаты запуставалі. Чорны.

запусце́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Закінуты, запушчаны. Запусцелы сад. □ Справа лясок канчаўся, віднелася запусцелае, зарослае свірэпкай поле. Мележ. Зарыты па самыя вочы Стаіць запусцелы дот. Панчанка.

2. Бязлюдны, апусцелы. Быў кірмашны дзень, і таму запусцелыя вуліцы і завулкі гарадка сёння ажывіліся. М. Ткачоў.

запусце́нне, ‑я, н.

Стан запусцелага; заняпад, апусценне. Гумно са стрэшкай пасівелай, Абросшай мохам, абапрэлай, Прыгрэбнік, хата — усё дачыста Казала ясна, галасіста Аб непарадку, запусценні. Колас. Ад дзірваноў, парослых хмызняком, ад запусцення, якое Заранік бачыў у гэтых мясцінах у свой першы пасляваенны прыезд сюды, не было і следу. Хадкевіч.

запусце́ць, ‑ее; зак.

1. Прыйсці ў стан заняпаду, закінутасці; запуставаць. Месца, дзе стаяла вёска Мальва, пасля страшнага пажару запусцела, зарасло сасоннікам і дубняком. Кірэенка.

2. Абязлюдзець, апусцець. — Запусцеў двор, абязлюдзеў, — сказаў Камлюк. М. Ткачоў.