Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закрыўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. закрыўляць — закрываць і стан паводле знач. дзеясл. закрыўляцца — закрывіцца.

2. Выгіб, скрыўленая частка чаго‑н. Закрыўленне ракі.

закрыўля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да закрывіцца.

2. Зал. да закрыўляць.

закрыўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да закрывіць.

закры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Закрыць, пакрыць сябе чым‑н.; накрыцца, прыкрыцца. Закрыцца каўняром ад ветру. Закрыцца далонямі. □ Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заслацца, завалачыся, засланіцца. На світанні неба закрылася хмарамі, пасыпаліся дробныя ледзяныя крупкі. Кірэенка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спыніць сваю дзейнасць, існаванне (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Выстаўка закрылася. □ Мясцовая фабрыка зноў была закрылася. Лынькоў. // Скончыцца (пра сход і пад.). Нарада закрылася.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загойваючыся, сцягнуцца, зрасціся краямі (пра рану). Рана закрылася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скласціся, згарнуцца (пра што‑н. раскрытае, разгорнутае). Парасон закрыўся. // Заплюшчыцца. Павекі закрыліся.

закрыццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. закрываць — закрыць.

закры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Накрыць, прыкрыць чым‑н. Закрыць твар рукамі. □ [Тварыцкі] зямлю зноў засыпаў, укапаў камень, усё, як і было. Закрыў зверху перацёртай саломай. Чорны.

2. Засланіць сабой, зрабіць нябачным. Хмары закрылі неба. Туман закрыў зямлю. □ Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.

3. Скласці што‑н. раскрытае, разгорнутае. Закрыць кнігу. // Самкнуць (пра вочы, рот). Закрыць вочы. Закрыць рот.

4. Загарадзіць, перагарадзіць (уваход, выхад і пад.). Закрыць сваім целам амбразуру дота. □ Мурашкі залазяць у схоў сутарэння І ходы ў мурашнік закрылі. Колас. // Спыніць доступ куды‑н. Закрыць дарогу ў горад. Закрыць граніцу.

5. Спыніць работу, дзейнасць, існаванне (установы, прадпрыемства і пад.). Закрыць школу. Закрыць выстаўку. Закрыць газету. Закрыць прадпрыемства. // Скончыць (сход, нараду і пад.). Закрыць сход. Закрыць нараду. Закрыць пасяджэнне.

•••

Закрыць ведамасць — тое, што і закрыць рахунак (у «в» знач.).

Закрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: поўнасцю забраць свой уклад з банка; б) пра банк: спыніць выдачу грошай па рахунку; в) закончыць рахунак за які‑н. перыяд, падвесці канчатковы вынік.

Закрыць вочы на што — знарок не заўважыць, пакінуць без увагі.

Закрыць лавачку — спыніць якую‑н. справу, работу, не давёўшы да канца.

Закрыць рот каму — пазбавіць каго‑н. магчымасці выказаць сваю думку.

закрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Пачаць крычаць. // Крыкнуць, пракрычаць. Дзесь у лузе над рэчкаю нейкая бяссонная ці патрывожаная пташка закрычала два разы: «кі-і-і-вік, кі-і-і-вік» і змоўкла. Колас. — Адаська! — закрычаў бацька, кідаючыся да сына ў парозе. Чорны.

закрышталізава́цца, ‑зуецца; зак.

Перайсці ў крышталічны стан, ператварыцца ў крышталі. Раствор закрышталізаваўся.

закрышталізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.

Падвергнуць крышталізацыі, ператварыць у крышталі. Закрышталізаваць раствор.

закрэ́мзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Закрэсліць напісанае мноствам адвольных штрыхоў, ліній. // Пакрыць мноствам штрыхоў, ліній; скрэмзаць. Закрэмзаць чыстую старонку.