закрыць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.
1. Накрыць, прыкрыць чым‑н. Закрыць твар рукамі. ▪ [Тварыцкі] зямлю зноў засыпаў, укапаў камень, усё, як і было. Закрыў зверху перацёртай саломай. Чорны.
2. Засланіць сабой, зрабіць нябачным. Хмары закрылі неба. Туман закрыў зямлю. ▪ Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.
3. Скласці што‑н. раскрытае, разгорнутае. Закрыць кнігу. // Самкнуць (пра вочы, рот). Закрыць вочы. Закрыць рот.
4. Загарадзіць, перагарадзіць (уваход, выхад і пад.). Закрыць сваім целам амбразуру дота. ▪ Мурашкі залазяць у схоў сутарэння І ходы ў мурашнік закрылі. Колас. // Спыніць доступ куды‑н. Закрыць дарогу ў горад. Закрыць граніцу.
5. Спыніць работу, дзейнасць, існаванне (установы, прадпрыемства і пад.). Закрыць школу. Закрыць выстаўку. Закрыць газету. Закрыць прадпрыемства. // Скончыць (сход, нараду і пад.). Закрыць сход. Закрыць нараду. Закрыць пасяджэнне.
•••
Закрыць ведамасць — тое, што і закрыць рахунак (у «в» знач.).
Закрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: поўнасцю забраць свой уклад з банка; б) пра банк: спыніць выдачу грошай па рахунку; в) закончыць рахунак за які‑н. перыяд, падвесці канчатковы вынік.
Закрыць вочы на што — знарок не заўважыць, пакінуць без увагі.
Закрыць лавачку — спыніць якую‑н. справу, работу, не давёўшы да канца.
Закрыць рот каму — пазбавіць каго‑н. магчымасці выказаць сваю думку.