Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

пабедава́ць, ‑бядую, ‑бядуеш, ‑бядуе; зак.

1. Выказаць свае скаргі, нараканні. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

2. Бедаваць некаторы час.

пабе́л, ‑у, м.

Тое, што і пабелка. Не надта гожа выглядалі Крывыя сцены пад павел, І петрушоўцы жартавалі, На вапну гледзячы, на мел. І тут жа сказ адкроіў мудры На гэты конт Лямех Аўген: «Прыстаў пабел да гнілых сцен, Як да старой бабулі пудра». Колас.

пабе́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пабелкі. Пабелачны пэндзаль.

пабе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пабяліць.

пабе́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пабяліць. Пабелка вапнаю.

2. Слой мелу, які ўтварыўся ў выніку гэтага дзеяння. Змыць пабелку. □ Хата здрыганулася, са сцен і столі пасыпалася пабелка. Кулакоўскі.

паберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. пабярог, ‑берагла, ‑берагло; зак., каго-што.

1. Не растраціць, прыберагчы, захаваць. Паберагчы грошы. Паберагчы прадукты.

2. Аднесціся з увагай, асцярожнасцю да каго‑, чаго‑н., праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. Паберагчы дзіця. Паберагчы здароўе. □ Спакойна, спакойна, сэрца, не стукай так моцна, паберажы свае сілы. Дамашэвіч.

паберагчы́ся, ‑берагуся, ‑беражэшся, ‑беражэцца; ‑беражомся, ‑беражацеся; пр. ‑бярогся, ‑бераглася, ‑бераглося; зак.

Аднесціся з увагай, асцярожнасцю да сябе. Трэба паберагчыся, каб не захварэць.

пабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пабіць (у 3 знач.).

пабіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Прасіць міласціну, жабраваць. — Мы не ведаем, — сказала Надзя. — Нічога не ведаем. Мы сіроты, пабіраемся... Бураўкін.