пабегчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.
1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. ▪ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. ▪ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.
2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. ▪ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.
3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.
4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.
5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.
•••
Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.