Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кабеста́н, ‑а, м.

Лябёдка з вертыкальным барабанам, якая выкарыстоўваецца для падцягвання суднаў да берага, падымання якара, на манеўровых чыгуначных пуцях і пад.

[Фр. cabestan.]

кабе́та, ‑ы, ДМ ‑беце, ж.

Разм. Сталая жанчына, звычайна замужняя. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Крапіва. Ля хат вясёлыя гамоняць людзі, Кабеты ў садзе кормяць немаўлят. Караткевіч.

кабе́цін, ‑а.

Разм. Які належыць кабеце, уласцівы ёй. Мужняя шчырая ласка папярэдзіла кабеціну гняўлівасць. Гартны.

кабе́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і кабета. Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. Кацярына згадзілася з Базылём, пераканалася-такі кабеціна... Нікановіч.

кабе́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да кабеты, належыць ёй; жаночы. Кабечы лёс. □ А спеў дзявочы і кабечы аж разлягаўся ў шчыры лес. Дубоўка.

кабза́р, ‑а, м.

Украінскі народны спявак, які акампаніруе сабе на кобзе.

кабзаро́ў, ‑рова.

Які належыць кабзару. Кабзаровы песні.

кабза́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кабзара, належыць яму. Толькі кліч кабзарскі нёсся гучна ў далі, Прабіваўся ў гушчы, як вечавы звон. Гурло.

кабі́на, ‑ы, ж.

Невялікае, звычайна закрытае, памяшканне спецыяльнага прызначэння (напрыклад, для пілота ў самалёце, вадзіцеля ў аўтамабілі, тэлефонных размоў і пад.). Кабіна для галасавання. Душавая кабіна. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.

[Фр. cabine.]

кабіне́т, ‑а, М ‑неце, м.

1. Рабочы пакой у доме, кватэры. Як пісьменнік працуе над словам? Звычайна адбываецца гэта ў цішыні кабінета, за зачыненымі дзвярамі. Шкраба. // Службовае памяшканне ва ўстанове, на прадпрыемстве для адказнага работніка. Кабінет старшыні. □ Кабінет Ніны Іванаўны, дырэктара дзіцячага дома, быў квадратным з адным шырокім акном на паўднёвы ўсход. Васілевіч. Начальніка цэха, які.. ўсіх навічкоў прымаў асабіста, .. [Міхал і Лёдзя] знайшлі ў кабінеце. Карпаў.

2. Спецыяльнае памяшканне, абсталяванае для заняткаў, працэдур (у навучальных і навукова-даследчых установах, паліклініках і пад.). Хімічны кабінет. Рэнтгенаўскі кабінет. Кабінет мовы і літаратуры.

3. Урад у некаторых дзяржавах (Індыі, Аўстраліі і інш.), які складаецца з міністраў. Змена кабінета.

4. У Расіі 18 — пачатку 19 ст. — назва некаторых урадавых устаноў (асабістай канцылярыі цара, кіраўніцтва гаспадарчымі і фінансавымі справамі царскага двара). Кабінет яго вялікасці.

•••

Кабінет міністраў — тое, што і кабінет (у 3 знач.).

[Фр. cabinet.]