заціска́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Прыстасаванне для заціскання. Вінтавая заціскачка.
заціскны́, ‑ая, ‑ое.
Які прызначаецца, служыць для заціскання. Заціскны механізм.
заці́снуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад заціснуць.
заці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. З цяжкасцю прабрацца куды‑н., залезці ў што‑н. цеснае, вузкае. Перад самым адыходам цягніка ў вагон заціснулася невядомага ўзросту жанчына. Пянкрат.
заці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Абхапіўшы з усіх бакоў, затрымаць дзе‑н., у чым‑н.; зашчаміць. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Колас. Малая рука пацягнулася недаверліва, узяла і заціснула ў жмені старую, ужо не хрусткую паперку. Брыль. // перан. Шчыльна акружыўшы, не даць дзейнічаць. [Звяно Сцяпанава] заціснула двух варожых знішчальнікаў, гнала іх наўскасяк ад возера. Алешка.
2. Сціснуўшы, прыціснуўшы чым‑н., шчыльна заткнуць (адтуліну). Заціснуць вушы далонямі. Заціснуць рану тампонам.
3. Сціснуўшы, паменшыць у аб’ёме; зрабіць больш тугім. Андрэй склаў трасянку ў рэзгіны, заціснуў яе. Чарнышэвіч. Сонечка прыгладзіла валасы, падправіла іх пад хустку і тужэй заціснула вузел пад барадою. Пестрак.
4. Разм. Ціскаючы, змучыць; прыдушыць. Заціснуць у натоўпе. // перан. Паставіць у крайне цяжкія абставіны; задушыць. Хай жа вам так не здаецца, Што бяда ўжо і зацісне. Знайце, ліха ператрэцца, І маланкай доля блісне. Купала.
5. перан. Перашкодзіць развіццю, праяўленню чаго‑н. Заціснуць крытыку. Заціснуць ініцыятыву.
•••
Заціснуць рот каму — прымусіць замаўчаць.
заці́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць ціўкаць.
заціха́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. заціхаць — заціхнуць.
заціха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заціхнуць.
заці́хлы, ‑ая, ‑ае.
Які заціх, перастаў гучаць або чуцца. Вечарам у Дзень перамогі на ўзлессі за мястэчкам успыхнуў вялізны касцёр і пошчакам панесліся па заціхлым лесе гукі піянерскага горна. Нядзведскі. Заціхлы матыў песні аб запаветнай кветцы ўзнікае зноў. Вітка.
заці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заціх, ‑ла; зак.
1. Перастаць ствараць якія‑н. гукі (гаварыць, смяяцца, крычаць і пад.); змоўкнуць. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. Брыль. Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона, са сцэны павеяла халадком, зала заціхла. Карпаў. // Перастаць чуцца, раздавацца. І змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас. Заціх апошні водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.
2. перан. Аслабіць або спыніць сваю дзейнасць. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны. Вёска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі. Шамякін.