захапле́нне, ‑я, н.
1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне чым‑н. Быць у захапленні ад канцэрта. □ Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення:.. убранне так пасавала да [Сашы] што яна здавалася казачна прыгожай. Шамякін.
2. Усхваляванасць, запал, натхненне. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць [Крулеўскі і Бусыга] з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Колас. Студэнтачка, амаль падлетак, з захапленнем у вялікіх вачах, па-дзіцячы натхнёна чытае на польскай мове — купалаўскае.. «Я не паэт»... Брыль.
3. Павышаны інтарэс да чаго‑н.; любімы занятак каго‑н. Захапленне тэатрам. □ Адным з многіх захапленняў Сяргея Аляксандравіча быў спорт. Лобан.
4. Улюбёнасць у каго‑н. [Міхаіл Палікарпавіч] здольны быў лёгка захапіцца, і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Галавач.
захапля́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць захапляльнага. Захапляльнасць сюжэта.
захапля́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і захапляючы (у 2 знач.). [У купальскіх песнях] сабрана ўсё, што толькі ёсць для беларускіх сялян самага святочнага, таямнічага, захапляльнага, радаснага і гуллівага. Ліс.
захапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да захапіцца.
захапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да захапіць (у 5, 6 знач.).
захапля́ючы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад захапляць.
2. у знач. прым. Які выклікае захапленне; займальны, цікавы. Захапляючая размова. Захапляючая кінакарціна. □ Захапляючым было падарожжа ў такую пагоду і хацелася ехаць яшчэ шпарчэй. Грамовіч.
заха́ркаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Харкаючы, забрудзіць; запляваць.
заха́ркаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць харкаць.
заха́ркваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да захаркаць 1.
захаце́цца, ‑хочацца; зак., безас., чаго і з інф.
З’явіцца, узнікнуць (пра жаданне). [Сцёпку] так моцна захацелася спаць, што вочы яго пачалі зліпацца самі. Колас. Захацелася хутчэй вярнуцца дадому, да сваіх палёў, да сям’і. Шахавец. Наблізілася старасць — захацелася адпачынку. Пестрак.
захаце́ць, ‑хачу, ‑хочаш, ‑хоча; зак., чаго і з інф.
Адчуць ахвоту да чаго‑н.; пажадаць. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Так расхвалілі гэту кнігу, што я захацеў пачытаць яе. Скрыган.