захапле́нне, ‑я, н.
1. Незвычайны ўздым пачуццяў, найвышэйшае задавальненне чым‑н. Быць у захапленні ад канцэрта. □ Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення:.. убранне так пасавала да [Сашы] што яна здавалася казачна прыгожай. Шамякін.
2. Усхваляванасць, запал, натхненне. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць [Крулеўскі і Бусыга] з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Колас. Студэнтачка, амаль падлетак, з захапленнем у вялікіх вачах, па-дзіцячы натхнёна чытае на польскай мове — купалаўскае.. «Я не паэт»... Брыль.
3. Павышаны інтарэс да чаго‑н.; любімы занятак каго‑н. Захапленне тэатрам. □ Адным з многіх захапленняў Сяргея Аляксандравіча быў спорт. Лобан.
4. Улюбёнасць у каго‑н. [Міхаіл Палікарпавіч] здольны быў лёгка захапіцца, і кожнае захапленне здавалася яму мацнейшым, чым папярэдняе. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)