Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Абл. Надзець, апрануць на сябе што‑н. [Карызна] з ліхаманкавай паспешнасцю .. напрануў паліто. Зарэцкі.

напрапалу́ю, прысл.

Разм. Не задумваючыся ні аб чым. Весяліцца напрапалую. Ісці напрапалую. □ [Малодшы лейтэнант:] — У нас у дзесятым класе хлопцы любілі выхваляцца сваімі перамогамі над дзяўчатамі. Я слухаў іх.. і таксама хлусіў напрапалую. Васілёнак.

напрапа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прапаліць вялікую колькасць чаго‑н.

напрапо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прапароць, пракалоць вялікую колькасць чаго‑н. Напрапорваць дзірак шылам.

напрапуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго. Дазволіць вялікай колькасці прайсці, праехаць, пранікнуць куды‑н. Напрапускаць людзей у залу.

2. чаго. Дапусціць вялікую колькасць якіх‑н. пропускаў. Напрапускаць заняткаў. Напрапускаць памылак.

напрараза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прарэзаць, прапілаваць пэўную колькасць. Напраразаць адтулін.

напраро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

1. Прадказаць. [Савіч:] — «Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калі-небудзь станеш добрым хірургам». Напрарочыў стары. Шамякін. Русыя косы і сінія вочы, што пажадаць вам і што напрарочыць? Дубоўка.

2. Прарочаннем наклікаць. Напрарочыць вымову. □ Ледзь толькі дождж перастаў, Галя сказала, капрызна надзімаючы вусны: — Ты напрарочыў дождж. Дамашэвіч.

напрарэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Тое, што і напраразаць.

напрасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

1. што. Выпрасаваць добра, акуратна. Напрасаваць сукенку.

2. чаго. Выпрасаваць нейкую колькасць чаго‑н. Напрасаваць бялізны.

напрасвідро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Прасвідраваць вялікую колькасць чаго‑н. Напрасвідроўваць адтулін.