Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́ртачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да картка; тое, што і картка. Лексікаграфічная картачка. Фатаграфічная картачка. Уліковая картачка.

ка́ртачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да карты, карт (у 2 знач.). Картачная гульня. // Звязаны з гульнёй у карты. Картачны доўг. // Прызначаны для гульні ў карты. Картачны стол.

2. Які мае адносіны да карткі (у 1, 4 знач.). Картачны каталог.

•••

Картачная сістэма гл. сістэма.

Картачны домік гл. домік.

картве́л,

гл. картвелы.

картве́лка,

гл. картвелы.

картве́лы, ‑аў; адз. картвел, ‑а, м.; картвелка, ‑і, ДМ ‑лцы; мн. картвелкі, ‑лак; ж.

1. Імя, якім называюць сябе самі грузіны.

2. Назва грузінаў і блізкіх ім народнасцей Закаўказзя (лазаў, мінгрэлаў, сванаў).

картве́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да картвела, картвелаў, належыць ім. Картвельскія песні.

ка́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прамавугольны лісток цвёрдай паперы або кардону для запісу на ім якіх‑н. звестак (звычайна як адзінка картатэкі). У картатэцы Івана Іванавіча акуратна, як кніжкі ў добрай бібліятэцы, стаяла шмат картак. Карпюк.

2. Разм. Фатаграфічны здымак. Цёмныя, крыху прыжмураныя, з доўгімі вейкамі вочы хітравата пазіралі на .. [Паходню] з карткі. Хадкевіч.

3. Пасведчанне, уліковы дакумент і пад. у выглядзе невялікага ліста цвёрдай паперы. Уліковая картка. Карэспандэнцкая картка. □ [Камендант] запісаў прозвішчы тых, чые літары супадалі, і завёў на іх крымінальныя карткі. Якімовіч.

4. Бланк з адразнымі талонамі, які дае права на атрыманне прадуктаў пры нарміраванай сістэме іх размеркавання. Прадуктовыя карткі. □ Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць. А. Вольскі.

•••

Візітная картка — картка з імем, імем па бацьку і прозвішчам, часам з адрасам і званнем асобы, якая ўручае яе пры візіце, знаёмстве і пад.

карто́вы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з корту ​1. Картовая кепка. Картовы касцюм. □ Раман быў у адной выцвілай саколцы, у старых запэцканых ля трактара картовых штанах. Пташнікаў.

карто́граф, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне картаграфіі.

карту́з, ‑а, м.

Мужчынскі галаўны ўбор з аколышкам і цвёрдым казырком. На ім [Вінцуку] белая вышываная кашуля і чорны пінжак. На галаве новы картуз. В. Вольскі. Дзед дастаў з гары парыжэлыя ад часу боты, адшукаў нейкі старамодны картуз і прыняў паўваенны выгляд. Шчарбатаў.

[Гал. kardoes.]