закрана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да закрануць.
закрану́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закрануць.
закрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; заг. закрані; зак., каго-што.
1. Дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Стрыж ляцеў, На хаце латы Закрануў крылом сваім. Дзеружынскі. Мышка і палезла туды, ды, як па бяду, закранула шклянку, што стаяла на самым краі палічкі. Шуцько. // перан. Зачапіць, пакінуць свой след. Вайна гэтага мястэчка амаль не закранула. Васілевіч. Змены, што прынесла савецкая ўлада ў вёску, закранулі і Пустку. Хадкевіч. // перан. Аказаць уздзеянне на каго‑, што‑н.; усхваляваць, узрушыць. Яшчэ да болю закранае душу гарачы позірк чулы. Тарас. Відаць, успамін закрануў балючыя раны мінулага. Сіняўскі.
2. перан. Спыніцца на чым‑н., звярнуць увагу на што‑н. пры размове, гутарцы і пад. Праз пару дзён.. бабка неяк сама закранула гэта пытанне. Скрыпка.
3. Запыніць, выклікаць на размову. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць.. [цётку Касмініху], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі.
закра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць крапаць.
закра́са, ‑ы, ж.
Тое, што дабаўляюць у ежу для лепшага смаку, паху; прыправа. — Мне б якога крупніку ўлілі, і хоць для закрасы малаком засівілі. Гурскі. Мядок быў хітра дзесь запёрты, — Цяпер яго насталі часы, Бо ён патрэбен для закрасы, І што кісель той без сыты У вечарок гэты святы? Колас.
закрасава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак.
Пачаць красавацца.
закрасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
Пачаць красаваць.
закра́сіць, ‑крашу, ‑красіш, ‑красіць; зак., што.
Палажыць у страву закрасу; заправіць. — Мая работа.., мая і страва. Капусту сёння зварыла, закрасіла. Брыль.
закра́сціся, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; пр. закраўся, ‑лася; зак.
1. Непрыкметна, крадком пранікнуць куды‑н. Злодзей закраўся ў дом.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Непрыкметна, мімаволі ўзнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях). Смутная здагадка закралася Любе ў сэрца. Васілевіч. — Прывыкнеш, Колька! — спрабаваў супакоіць таварыша Ігнась, але ў словах яго не было шчырасці: сум па дому закраўся і ў яго душу. Чарнышэвіч.
закратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Паставіць краты, закрыць кратамі. Закратаваць акно.