закрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; заг. закрані; зак., каго-што.

1. Дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Стрыж ляцеў, На хаце латы Закрануў крылом сваім. Дзеружынскі. Мышка і палезла туды, ды, як па бяду, закранула шклянку, што стаяла на самым краі палічкі. Шуцько. // перан. Зачапіць, пакінуць свой след. Вайна гэтага мястэчка амаль не закранула. Васілевіч. Змены, што прынесла савецкая ўлада ў вёску, закранулі і Пустку. Хадкевіч. // перан. Аказаць уздзеянне на каго‑, што‑н.; усхваляваць, узрушыць. Яшчэ да болю закранае душу гарачы позірк чулы. Тарас. Відаць, успамін закрануў балючыя раны мінулага. Сіняўскі.

2. перан. Спыніцца на чым‑н., звярнуць увагу на што‑н. пры размове, гутарцы і пад. Праз пару дзён.. бабка неяк сама закранула гэта пытанне. Скрыпка.

3. Запыніць, выклікаць на размову. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць.. [цётку Касмініху], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)