Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

картаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., што.

1. Наносіць на карту (у 1 знач.). Картаграфаваць мясцовасць. Картаграфаваць пашырэнне моўнай з’явы.

2. Складаць картаграму.

картаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да картаграфіі, прыняты ў картаграфіі. Картаграфічныя знакі. Картаграфічныя прыёмы. // Які займаецца вырабам геаграфічных карт. Картаграфічная фабрыка.

картагра́фія, ‑і, ж.

Навука аб складанні геаграфічных карт, а таксама само складанне іх.

[Ад слова карта і грэч gráphō — пішу.]

картадыягра́ма, ‑ы, ж.

Спец. Карта, на якой у выглядзе дыяграмы паказаны статыстычныя даныя, якія адносяцца да пэўнай тэрыторыі.

карталю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Невялікі лісток паперы, звычайна з якім‑н. запісам на ім. — Тут, брат, ёсць для цябе карталюшка адна, — сказаў стараста і зняў шапку: у шапцы насіў ён свае паперы. Колас. Выслухаў, выстукаў [доктар] хлопца кругом, Даў карталюшку на лекі. Купала.

картасхе́ма, ‑ы, ж.

Спрошчаная, безмаштабная і без геаграфічнай сеткі карта для ілюстрацыі істотных рыс якой‑н. з’явы.

картатэ́ка, ‑і, ДМ ‑тацы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сістэматызаваны збор картак аднолькавага памеру з якой‑н. даведачнай ці ўліковай інфармацыяй. Бібліятэчная картатэка. □ Каб даць каму-небудзь характарыстыку, .. [Іван Іванавіч] звяртаўся да сваёй картатэкі, дзе былі сабраны біяграфічныя [даныя] на кожнага супрацоўніка. Карпюк.

2. Скрынкі з такімі карткамі. З невялікай картатэкі, прымайстраванай да стала, Собіч дастаў картку. Скрыган.

[Ад слова карта і грэч. thēke — скрынка.]

картатэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да картатэкі. Картатэчная скрынка. Картатэчная шафа.

картатэ́ччык, ‑а, м.

Служачы, які складае картатэку, загадвае картатэкай.

картатэ́ччыца, ‑ы, ж.

Жан. да картатэччык.