Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́рта, ‑ы, ДМ карце; Р мн. карт; ж.

1. Зменшаны чарцёж зямной паверхні або яе часткі з пераважным улікам тых або іншых спецыяльных прымет. Геаграфічная карта. Тапаграфічная карта. Лінгвістычная карта. // Чарцёж зорнага неба або паверхні планеты. Астранамічная карта. Карта Месяца.

2. Адзін з цвёрдых папяровых лісткоў, якія складаюць набор (калоду) для гульні і адрозніваюцца паміж сабой па намаляваных на іх умоўных фігурах або ачках чатырох масцей. Калода карт. Тасаваць карты. Казырная карта. // мн. (ка́рты, карт). Гульня пры дапамозе такіх лісткоў. Гуляць у карты. □ Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.

3. Ліст паперы, бланк, які трэба запоўніць спецыяльнымі звесткамі. Санаторная карта. Тэхналагічная карта.

•••

Контурная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены абрысы вадаёмаў і сушы без назвы іх.

Нямая карта — вучэбная геаграфічная карта без абазначэння назваў.

Сінаптычная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены звесткі аб надвор’і, атрыманыя адначасова ў розных месцах (служыць для прадказання надвор’я).

Зблытаць карты гл. зблытаць.

(І) карты ў рукі каму — пра таго, хто мае ўсе магчымасці, умовы для чаго‑н.

Карта (стаўка) біта — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Раскрыць карты гл. раскрыць.

Скласці карты гл. скласці.

Ставіць на карту гл. ставіць.

картава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. картаваць.

карта́васць, ‑і, ж.

Картавае вымаўленне. Хлопец не зусім чыста вымаўляў гук «р», і ледзь прыкметная картавасць надавала яго мове мілагучную інтанацыю. Русак.

картава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Тасаваць карты. Корчак сяк і так картаваў карты. Выпадала адно: ісці па Раўбіча. Караткевіч.

карта́вінка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Злёгку картавае вымаўленне. Гаварыў .. [Слава] неяк інакш, неяк націскаў на «р», і заўсёды ў яго выходзіла з картавінкай. Сабаленка.

карта́віць, ‑таўлю, ‑тавіш, ‑тавіць; незак.

Вымаўляць начыста, няправільна гукі «р» або «л». Калі .. [Васіль] хваляваўся, то пачынаў прыкметна картавіць. Шамякін. Гаворка .. [Адэліны] была нейкая птушыная, яна не то картавіла, не то прыкідвалася, што картавіць, і, мабыць, лічыла, што вельмі хораша гаворыць. Чарнышэвіч.

карта́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.

2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.

картагра́ма, ‑ы, ж.

Карта, на якой графічна (штрыхоўкай, размалёўкай і пад.) паказаны статыстычныя даныя адносна якой‑н. з’явы. Картаграма шчыльнасці насельніцтва. Картаграма пасяўных плошчаў вобласці.

[Ад слова карта і грэч. grámma — запіс, малюнак.]

картаграфава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. картаграфаваць.

картаграфава́цца, ‑фуецца; незак.

Зал. да картаграфаваць.