Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўста́нак, ‑нка, м.

Невялікая чыгуначная станцыя. Цягнік прыпыніўся на глухім паўстанку, сярод поля. Пянкрат. Ехалі доўга, і на кожнай станцыі і паўстанку нас абганялі вайсковыя эшалоны з тэхнікай і жывой сілай. Сяргейчык.

паўста́нец, ‑нца, м.

Удзельнік паўстання. Праз пяць-дзесяць хвілін атрад паўстанцаў, чалавек сорак, быў у поўным баявым парадку... Чарот.

паўста́нне, ‑я, н.

Масавае ўзброенае выступленне супроць пануючых класаў у абарону класавых або нацыянальных інтарэсаў. Сялянскае пытанне, вучылі М. Г. Чарнышэўскі і М. А. Дабралюбаў, можа быць вырашана толькі рэвалюцыйным шляхам, шляхам узброенага паўстання. Ларчанка. Тая ж хроніка таксама адзначала, што сілы рэвалюцыйнага руху не складалі зброі: то там, то сям адбываліся паўстанні, нават у вайсковых часцях, не спыняліся забастоўкі. Колас.

паўста́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўстанца. Паўстанцкі атрад. Паўстанцкі рух.

паўста́нцтва, ‑а, н.

Паўстанцкі рух.

паўста́нчы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўстанцкі. Голас [Багушэвіча] дужаў у часы паўстанчых баёў 1863 г. Лойка.

паўста́ўкі, ж.

Палавіна стаўкі ​1 (у 2 знач.). Працаваць на паўстаўкі. □ Я ў сяле працую, не ў сталіцы, Хоць сталічны скончыў інстытут. Мой таварыш здзіўлен: У правінцыі? На паўстаўкі я застаўся тут... Ты паўстаўкі маеш у сталіцы. Значыць, ты на паўжыцця жывеш. Я пішу з сяла, а не з правінцыі. Не крыўдуй за гэты шчыры верш. Прануза.

паўстаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Уставіць усё, многае. Яны з Праксэдай яе агледзелі, пазатыкалі пакуллем пазы, якія аж свіціліся, паўстаўлялі шыбы, пабялілі сцены, печ, і хатка стала падобна на чалавечае жытло. Сабаленка. На трэці дзень прыйшлі падводы. Ўсе сваякі папрыязджалі, І двор вазамі паўстаўлялі. Колас.

паўста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. Узняцца на барацьбу з кім‑, чым‑н., супроць каго‑, чаго‑н., узняць паўстанне. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі усходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. // Выступіць супроць каго‑, чаго‑н., запрацівіцца чаму‑н. Вера, аднак, рашуча паўстала супроць такой прапановы. Паслядовіч.

2. перан. Узнікнуць у памяці, ва ўяўленні. Як на далоні, перада мной паўстала яшчэ невялікае маё жыццё, і я расказваў пра яго. Сабаленка. Зноў паўстала тое ж пытанне: «Куды ісці далей?» Пальчэўскі. Пры слове «цэх» у нашым уяўленні паўстае прасторнае памяшканне заводскага корпуса, застаўленае лініямі разнастайных станкоў, абсталяванае рознымі механізмамі, дапаможнымі прыстасаваннямі. Хадкевіч.

3. З’явіцца перад вачыма, паказацца. Аддаўшыся развазе, Міця не заўважыў, як у праёме дзвярэй паўстала шэрая постаць. Навуменка. Карніцкі мінуў прысады, і тут адразу паўстала перад яго позіркам калгасная сядзіба. Паслядовіч.

4. Адрадзіцца, адбудавацца. [Цімка] ішоў па горадзе, які на яго вачах паўстаў з безнадзейных руін. Карпаў. То над сатлелым папялішчам Разбегам вуліц, плошчаў, трас Паўстала светлая сталіца, — Масквы малодшая сястра. Звонак.

5. З’явіцца, узнікнуць, вырасці. Мясціны, дзе павінен паўстаць небывалы ў Беларусі, буйнейшы ў Еўропе завод, былі мне знаёмы даўно. Хадкевіч. Як свет паўстаў, ніколі гэтага ў Баркаўцах не чуваць было. Калюга.

•••

Паўстаць перад вачамі (у вачах) — тое, што і стаяць перад вачамі (у вачах) (гл. стаяць).

паўсукно́, ‑а, н.

Тканіна, у якой толькі частка суконных нітак, астатнія льняныя або баваўняныя.