паўстаць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.
1. Узняцца на барацьбу з кім‑, чым‑н., супроць каго‑, чаго‑н., узняць паўстанне. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі усходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. // Выступіць супроць каго‑, чаго‑н., запрацівіцца чаму‑н. Вера, аднак, рашуча паўстала супроць такой прапановы. Паслядовіч.
2. перан. Узнікнуць у памяці, ва ўяўленні. Як на далоні, перада мной паўстала яшчэ невялікае маё жыццё, і я расказваў пра яго. Сабаленка. Зноў паўстала тое ж пытанне: «Куды ісці далей?» Пальчэўскі. Пры слове «цэх» у нашым уяўленні паўстае прасторнае памяшканне заводскага корпуса, застаўленае лініямі разнастайных станкоў, абсталяванае рознымі механізмамі, дапаможнымі прыстасаваннямі. Хадкевіч.
3. З’явіцца перад вачыма, паказацца. Аддаўшыся развазе, Міця не заўважыў, як у праёме дзвярэй паўстала шэрая постаць. Навуменка. Карніцкі мінуў прысады, і тут адразу паўстала перад яго позіркам калгасная сядзіба. Паслядовіч.
4. Адрадзіцца, адбудавацца. [Цімка] ішоў па горадзе, які на яго вачах паўстаў з безнадзейных руін. Карпаў. То над сатлелым папялішчам Разбегам вуліц, плошчаў, трас Паўстала светлая сталіца, — Масквы малодшая сястра. Звонак.
5. З’явіцца, узнікнуць, вырасці. Мясціны, дзе павінен паўстаць небывалы ў Беларусі, буйнейшы ў Еўропе завод, былі мне знаёмы даўно. Хадкевіч. Як свет паўстаў, ніколі гэтага ў Баркаўцах не чуваць было. Калюга.
•••
Паўстаць перад вачамі (у вачах) — тое, што і стаяць перад вачамі (у вачах) (гл. стаяць).