Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карпарацы́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць карпарацыйнага; замкнутасць у межах карпарацыі. Прынцып карпарацыйнасці.

карпарацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карпарацыі; вузкагрупавы, адасоблены. Карпарацыйныя інтарэсы. Карпарацыйная замкнутасць.

карпара́цыя, ‑і, ж.

Група асоб, аб’яднаных прафесіянальнымі, саслоўнымі і пад. інтарэсамі. Радыёвяшчальная карпарацыя. □ — Вось што, давайце зробім так: даручыце мне весці перамовы ад карпарацыі прысяжных павераных горада Мінска з панам Урублеўскім. Колас.

[Ад лац. corporatio — аб’яднанне.]

карпатлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць карпатлівага. [Матэматычныя навукі] патрабавалі карпатлівасці, настойлівасці, уедлівасці да дробязей. Быкаў.

карпатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які патрабуе шмат увагі, цярплівасці, намаганняў (пра якую‑н. працу, справу). Карпатлівыя пошукі. □ Пачалася ўседлівая карпатлівая работа над помнікам гвардыі радавому Аляксандру Пасмітнаму. Васілёнак. Цяжкія гэта былі пошукі — патрабавалася карпатлівая даследчая работа. «Звязда».

2. Старанны, руплівы, дбайны. Карпатлівы чалавек.

карпа́цца,

гл. корпацца.

карпа́ць,

гл. корпаць.

карпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. над чым і без дап. Разм. Доўга, цярпліва займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Карпець пад падручнікамі. □ Таварышы толькі і бачылі Івана Іванавіча, як той карпеў над паперамі дзень і ноч, гадамі. Карпюк. Збегліся дзяўчаты, што карпелі за суседнімі сталамі. Аношкін.

2. Жыць дзе‑н. у пакутах, цяжкасцях. — Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся... А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне. Лынькоў.

карпу́нкт, ‑а, М ‑кце, м.

Пункт збору і перадачы інфармацыі карэспандэнтамі газеты, інфармацыйнага агенцтва і пад.; карэспандэнцкі пункт.

карпу́скула, ‑ы, ж.

Кніжн. Часцінка матэрыі.

[Ад лац. corpusculum — маленькае цела.]