камякава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць камякаватага. Камякаватасць глебы.
камякава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з камякоў; з камякамі. Камякаватая глеба.
камяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца цвёрдым, як камень. Камянела ў бочках мазь для колаў і марнеў іншы небагаты тавар. Самуйлёнак.
2. перан. Станавіцца нерухомыя, застылым; мярцвець. Камянець ад страху. □ Калі адзін на адзін з .. [дзяўчынаю] заставаўся, то ў мяне адразу аднімала язык, у сярэдзіне ўсё камянела і я маўчаў як пень. Краўчанка. Падымаліся каскі Ад страху ў тых слухачоў, Камянелі, Як маскі, Іх твары І стыла іх кроў. Куляшоў.
3. перан. Станавіцца жорсткім, бяздушным, абыякавым да ўсяго. Пяшчотнае сэрца [Машэкі] камянее ад зганьбаванага кахання. Шкраба.
камяні́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць камяністага. Камяністасць глебы.
камяні́сты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты, усыпаны каменнем, з вялікай колькасцю камення. Камяністае поле. Камяністае дно. Камяністая глеба. □ Калёсы трасуцца па камяністай дарозе, барабаняць. Скрыган. Гліністая вуліца паволі спаўзала да ракі, дзе абрывалася высокім камяністым берагам. Ракітны.
камяні́ца, ‑ы, ж.
1. Каменны або цагляны будынак. [Пан Францішак] прадаў сваю частку фальварка, купіў у ваяводскім Навагрудку камяніцу на восем кватэр. Брыль. Ціхія вулкі ўсё яшчэ чакалі таго часу, калі.. на месцы аджыўшых свой век драўляных домікаў пачнуць узвышацца шматпавярховыя камяніцы. Хадкевіч.
2. Абл. Пра камяністую глебу. Сурвіла «літасціва» дазволіў Леапольду ўзяць сабе пару дзесяцін каля Гушкавай хаты. Гэта была не зямля, а пустэча, страшэнная камяніца. Кудраўцаў.
камячы́цца, ‑мечыцца і каме́чыцца, ‑мечыцца; незак.
1. Мець уласцівасць рабіцца мятым, ператварацца ў камякі. Папера лёгка камечыцца.
2. Збірацца ў складкі, маршчыны; мяцца. [Манька] глянула ў акно і, спяшаючыся, пачала адколваць з валасоў вянок і сцягваць цераз галаву сукенку, не зважаючы, што яна камечыцца. Крапіва.
3. Зал. да камячыць, камечыць.
камячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць і каме́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.
1. Рабіць камякі, ляпіць што‑н. з чаго‑н. мяккага, рыхлага. Камячыць шарыкі з паперы. □ Іван сядзеў на ложку, камечыў у зубах папяросу. Грахоўскі.
2. Сціскаць у камяк, мяць (звычайна пры хваляванні, перажыванні). Коля сядзеў, вінавата, нізка апусціўшы галаву, і камячыў шапку. Карпюк. // Націскаючы на што‑н., рабіць няроўным, мятым. Камячыць сукенку.
кам’ячэ́йка, ‑і, ДМ ‑ячэйцы; Р мн. ‑ячэек; ж.
Гіст. Камуністычная ячэйка. Гадзінам к адзінаццаці ў накураным кабінеце Лаўрыновіча сабралася ўся кам’ячэйка. Лобан.