калю́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які колецца, можа рабіць укол. Калючыя шыпы ліян ранілі .. рукі і рвалі вопратку. Самуйлёнак. Пад нагамі шумна зашастаў калючы ржэўнік. Якімовіч. // Які выклікае балючае адчуванне ўколу. Нізка плылі цяжкія хмары, сыпаўся калючы халодны снег. Лупсякоў. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Шыцік.
2. Які мае калючкі. Калючы дрот. Калючы куст. □ [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль.
3. перан. Востры, са злой насмешкай. Бацька ў роспачы, у злосці Кінуў жмут калючых слоў. Колас. // Злы, нядобры (пра погляд, вочы і пад.). Людзі слухалі паказанні, і твары іх камянелі, сухімі, калючымі рабіліся іх вочы. Лынькоў. Позірк Шамоты быў стрыманы, калючы, недаверлівы, позірк Варановіча — вясёлы, усмешлівы, з нейкай вострай думкай у вачах. Дуброўскі.
4. перан. Які непрыхільна, недаверліва ставіцца да ўсяго; нелюдзімы, злосны (пра чалавека). Паходню варта было б правучыць — занадта ён ужо порсткі і калючы стаў у апошнія гады. Хадкевіч.
5. перан. Асляпляльны, рэзкі, яркі (пра святло). Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна [Лёдзя] адчувала, што траціць апошнія сілы. Карпаў.
каля́, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназоўнікам «каля» выражае:
Прасторавыя адносіны
1. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, месца, паблізу або вакол якіх адбываецца што‑н., размяшчаецца хто‑, што‑н. Бярозы стаялі каля дарогі. Начлежнікі паселі каля агню. □ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас.
Аб’ектныя адносіны
2. Разм. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, у дачыненні да якога адбываецца дзеянне, на які накіравана дзеянне. Усе сеюць і любяць бульбу, хаця працы каля яе не абабрацца. Ермаловіч.
Колькасныя адносіны
3. Ужываецца пры абазначэнні прыблізнай велічыні, меры чаго‑н. Дубу каля ста гадоў. □ Вёска невялікая — сяліб каля дваццаці. Бядуля. // Ужываецца пры ўказанні на пэўную пару, да якой падышоў ці падыходзіць час. Было каля поўначы. □ Каля поўдня выглянула сонца. Брыль.
калява́ць, калюю, калюеш, калюе; незак., што.
Выстругваць узоры на дошцы калёўкай.
каляву́шны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца каля вуха. Калявушная залоза.
каляда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі і пад. // Песня, якая спяваецца ў час гэтага абраду. // Падарункі, атрыманыя ад гаспадара за віншаванне, песні. Збіраць каляду.
калядава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. калядаваць.
калядава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.
Хадзіць па дварах у калядныя вечары, віншаваць гаспадароў, спяваючы калядныя песні.
каля́днік, ‑а, м.
Той, хто калядуе, ходзіць па калядзе. Скамарошніцтва ў Беларусі развівалася шляхам прафесіяналізацыі найбольш таленавітых арганізатараў народных гульняў і прадстаўленняў: сваты, каляднікі, валачобнікі і г. д. «Беларусь».
каля́дніца, ‑ы, ж.
Разм. Калядная пара; калядная ноч. Ражок хусткі ўвачавідкі рудзее, бы гэта яна, Наста, тупае не за возам па грэблі, а дома ля чалесніка ў калядніцу. Пташнікаў. Тое, чаго такароўцы пужаліся болей ста год падрад — ад дзядоў да ўнукаў і праўнукаў — насунулася раптам на іх, як воўк на дарозе ў калядніцу на адзінокага падарожніка. Бядуля.
каля́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каляд; такі, які бывае на каляды. Калядныя песні. Калядныя маразы. □ Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад пуху зямельцы снуе. Купала.