камфо́рт, ‑у, М ‑рце, м.
Сукупнасць бытавых выгод, зручнасцей; утульнасць. — Кожны шпіталь па сваёй утульнасці, камфорту павінен быць падобным на лепшыя санаторыі. Лынькоў. [Пётр Андрэевіч] Мельнік любіў камфорт і не шкадаваў ні грошай, ні стараннасці, каб стварыць яго для сябе. Гамолка.
[Англ. comfort.]
камфо́ртны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і камфартабельны. Камфортная кватэра. // Такі, што спрыяе добраму самаадчуванню, дае добрае адчуванне і пад. Камфортныя ўмовы.
камчада́лы, ‑аў; адз. камчадал, ‑а, м.; камчадалка, ‑і, ДМ ‑лцы; мн. камчадалкі, ‑лак; ж.
Назва карэннага насельніцтва Камчаткі, дадзеная першымі рускімі пасяленцамі; ітэльмены.
камчада́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да камчадалаў, які належыць, уласцівы ім. Камчадальская культура.
камшы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., што.
Абл. Камячыць. Я камшыў няўдала напісаныя старонкі.. вершаў. Калачынскі.
камы́, ‑оў; адз. няма.
Абл. Бульбяная каша. Неяк з лесу хлапчукі-пастушкі прынеслі блішчастую жалезную качалку, і Феня таўкла ёю бацьку камы. Сачанка.
камюніке́, нескл., н.
Афіцыйнае паведамленне ўрада па пытаннях, якія маюць міжнароднае значэнне. Апублікаваць камюніке.
[Фр. communiqué.]
камя́к, ‑а, м.
Сціснуты, змяты або злеплены ў адно кавалак якой‑н. мяккай, рыхлай масы. Камяк снегу. Камяк гразі. □ Лямеш глыбока нырнуў у зямлю, выварочваючы яе набок рассыпчатымі камякамі. Гартны. Сам Іванок ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас. // перан. Пра спазмы ў горле. У горле засеў горкі камяк.
•••
Першы блін камяком гл. блін.