Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакудла́ціцца, ‑ціцца; зак.

Разм. Стаць кудлатым; узлахмаціцца. Пакудлацілася кудзеля.

пакудла́ціць, ‑лачу, ‑лаціш, ‑лаціць; зак., што.

Разм. Зрабіць кудлатым; узлахмаціць. Пакудлаціў вецер валасы.

пакудла́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакудлаціць, пакудлачыць.

2. у знач. прым. Растрапаны, узлахмачаны. Пакудлачаныя валасы рассыпаліся па падушцы. Алешка.

пакудла́чыцца, ‑чыцца; зак.

Разм. Тое, што і пакудлаціцца.

пакудла́чыць, ‑лачу, ‑лачыш, ‑лачыць; зак., што.

Разм. Тое, што і пакудлаціць.

пакукава́ць, ‑кукую, ‑кукуеш, ‑кукуе; зак.

1. Кукаваць некаторы час. Пакукавала зязюля і перастала.

2. перан. Разм. Зведаць гора, нястачы, непрыемнасці. Эх, Тодар, Тодар! Пакукуеш ты за сваёю жонкаю. Змые табе яна гаспадарку. Колас.

па́кулле, ‑я, н.

1. зб. Кароткае грубае валакно, непрыгоднае для пражы, якое адходзіць пры апрацоўцы льну або канапель. Усе шчыліны заканапачаны пакуллем — ды так добра і гладка, што люба воку глянуць. Пестрак. Андрэй сунуў рукі ў вядро з нафтаю, патрымаў іх там крыху, потым пачаў выціраць пакуллем. Васілёнак.

2. Спец. Пучок пянькі або кудзелі для ўшчыльнення або заканапачвання чаго‑н.

паку́ль, прысл. і злучн.

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «што»). На працягу некаторага часу, нейкі час. Пастой пакуль тут. □ — Нічога, нічога, абыдзецца і так, — расчулена гаварыў бацька, пяшчотна дакранаючыся да рамы рукою. — Пафарбуем пасля, а пакуль і так пастаіць. Васілёнак. Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Таццянінай рукою невялічкі, але чысты прытулак. — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Зарэцкі. // Да пары, да часу. [Васіль Іванавіч:] — Зразумей адно: пакуль што будзе лепш, каб як мага меней людзей ведалі, што мы тут. Лынькоў. [Валя:] — Пойдзем, Толік, у партызанскі атрад. Міхась аб гэтым пакуль што не павінен ведаць... — Чаму? — здзівіўся Толя. — Такі загад камандзіра партызанскага атрада. Якімовіч. // Цяпер, у гэты момант. Босы і ў адной бялізне.. [разведчык] пабег па мёрзлым снезе, і коннікі паімчаліся за ім, страляючы пакуль што ўгару. Чорны. // Тым часам. Вы пагаварыце, а мы пакуль перакурым. // Да гэтага часу, да гэтай пары. Гузік даўно згубіўся, а новага маці пакуль не ўшыла. Кандрусевіч. Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Кулакоўскі.

2. прысл. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова: а) у даданых дапаўняльных сказах, якія паясняюць дзеяслоў «чакаць» або блізкае да яго слова. Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. Кулакоўскі. Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Скрыган; б) у сказах, якія ўдакладняюць акалічнасць часу. Да поўначы сядзелі, пакуль сны агарнулі. Броўка. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот.

3. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з часавай абмежаванасцю падзей: а) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на перыяд дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «на працягу таго часу як». Пакуль яны [Пятрусь і Міхась] крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. Колас. Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Крапіва. Пакуль снедалі, на дварэ ўзняўся шалёны вецер. Чарнышэвіч; б) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на момант завяршэння дзеяння галоўнага сказа (звычайна пры адмоўным выказніку); абазначае: «да таго часу як». Часамі праводзіць [Данілу] цемнавокая Мар’яна і доўга стаіць на беразе пад сасною, пакуль не страціць з вачэй чаўна, пакуль той не нырне ў густыя, стромкія цені сосен. Пестрак. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала, Пакуль вячэрняю імглой На нівы ноч апала. Танк. / Пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «датуль», «да той пары», «да таго часу». — Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. Якімовіч. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані. Крапіва. / У спалучэнні з часціцай «аж» або пры наяўнасці яе ў галоўным сказе. Паддубны стаяў «на трыбуне», аж пакуль не знік з паляны апошні чалавек. Пестрак. [Віктар] сядзеў так аж датуль, пакуль не [разышліся] усе чыста. Зарэцкі.

4. злучн. часавы. Разм. Ужываецца ў даданых сказах часу, дзеянне якіх адбываецца пасля завяршэння дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «да таго як»; «перш чым». Але раса, брат, выесць вочы, Пакуль узыйдзе тое сонца. Колас. Пакуль выеду я ў поле, Вытры слёзы, усміхніся. Панчанка. Ён размахнуўся, падвойнае шкло зазвінела і потым — пакуль ён паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

•••

Пакуль ногі носяць гл. нага.

пакульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пайсці кульгаючы. [Марцін] павярнуўся і, злёгку абапіраючыся на гнуткі арэхавы кіёк, пакульгаў да кузні. Мележ.

2. Кульгаць некаторы час.

паку́льгваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Кульгаць злёгку або час ад часу. Разлічыўшыся з касірам, мужчына, пакульгваючы, выходзіць [з цырульні]. Каршукоў.