пакуль, прысл. і злучн.

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «што»). На працягу некаторага часу, нейкі час. Пастой пакуль тут. ▪ — Нічога, нічога, абыдзецца і так, — расчулена гаварыў бацька, пяшчотна дакранаючыся да рамы рукою. — Пафарбуем пасля, а пакуль і так пастаіць. Васілёнак. Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Таццянінай рукою невялічкі, але чысты прытулак. — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Зарэцкі. // Да пары, да часу. [Васіль Іванавіч:] — Зразумей адно: пакуль што будзе лепш, каб як мага меней людзей ведалі, што мы тут. Лынькоў. [Валя:] — Пойдзем, Толік, у партызанскі атрад. Міхась аб гэтым пакуль што не павінен ведаць... — Чаму? — здзівіўся Толя. — Такі загад камандзіра партызанскага атрада. Якімовіч. // Цяпер, у гэты момант. Босы і ў адной бялізне.. [разведчык] пабег па мёрзлым снезе, і коннікі паімчаліся за ім, страляючы пакуль што ўгару. Чорны. // Тым часам. Вы пагаварыце, а мы пакуль перакурым. // Да гэтага часу, да гэтай пары. Гузік даўно згубіўся, а новага маці пакуль не ўшыла. Кандрусевіч. Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Кулакоўскі.

2. прысл. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова: а) у даданых дапаўняльных сказах, якія паясняюць дзеяслоў «чакаць» або блізкае да яго слова. Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. Кулакоўскі. Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Скрыган; б) у сказах, якія ўдакладняюць акалічнасць часу. Да поўначы сядзелі, пакуль сны агарнулі. Броўка. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот.

3. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з часавай абмежаванасцю падзей: а) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на перыяд дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «на працягу таго часу як». Пакуль яны [Пятрусь і Міхась] крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. Колас. Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Крапіва. Пакуль снедалі, на дварэ ўзняўся шалёны вецер. Чарнышэвіч; б) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на момант завяршэння дзеяння галоўнага сказа (звычайна пры адмоўным выказніку); абазначае: «да таго часу як». Часамі праводзіць [Данілу] цемнавокая Мар’яна і доўга стаіць на беразе пад сасною, пакуль не страціць з вачэй чаўна, пакуль той не нырне ў густыя, стромкія цені сосен. Пестрак. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала, Пакуль вячэрняю імглой На нівы ноч апала. Танк. / Пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «датуль», «да той пары», «да таго часу». — Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. Якімовіч. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані. Крапіва. / У спалучэнні з часціцай «аж» або пры наяўнасці яе ў галоўным сказе. Паддубны стаяў «на трыбуне», аж пакуль не знік з паляны апошні чалавек. Пестрак. [Віктар] сядзеў так аж датуль, пакуль не [разышліся] усе чыста. Зарэцкі.

4. злучн. часавы. Разм. Ужываецца ў даданых сказах часу, дзеянне якіх адбываецца пасля завяршэння дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «да таго як»; «перш чым». Але раса, брат, выесць вочы, Пакуль узыйдзе тое сонца. Колас. Пакуль выеду я ў поле, Вытры слёзы, усміхніся. Панчанка. Ён размахнуўся, падвойнае шкло зазвінела і потым — пакуль ён паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

•••

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)