Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каро́мысел, ‑ела, м. і каро́мысла, ‑ела, н.

1. Драўляная дуга з выемкамі або кручкамі на капцах для пераносу на плячах вёдзер і інш. грузаў. Я ішоў напярэймы чалавеку, які, не спяшаючыся, нёс на каромысле два вядры вады. Асіпенка. [Жанчына] паправіла каромысел на плячах і заспяшалася да калодзежа. Дудо.

2. Абл. Ворчык. Я зняў з каромысла пастронкі і пусціў Арла на мяжу. Якімовіч.

3. Рычаг у некаторых механізмах. Каромысла з рамай парушыла раўнавагу, і пляцоўка цялежкі маленькага крана пачала намервацца стаць на дыбкі. Шыцік.

каро́на, ‑ы, ж.

1. Галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха. Царская карона. □ Жыў ды быў найлюты цар, Той краіны ўладар. У залатой сваёй кароне Ён сядзеў сабе на троне. Якімовіч. // Адбітак, малюнак падобнага прадмета па гербах, ордэнах і пад. Усе леснікі былі ўжо ў зборы, У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Н» было з каронай. Колас. Эмблемай, адметным знакам царскай юстыцыі была карона на падстаўцы з надпісам «Закон». Г. Кісялёў. // перан.; чаго. Аб прадмеце падобнай формы, падобнага выгляду. Калі хто-небудзь сцішыць мог Той боль, што я з тугою нёс, Дык гэта ты — зямны мой бог З каронай сонечнаю кос. Кірэенка. / у знач. прысл. каро́най. Дзяўчына паправіла рукой тугія бялявыя косы, што каронай ляжалі на галаве. Васілёнак.

2. перан. Улада манарха. Адрачыся ад кароны. Прыняць карону. // Дзяржаўная ўлада ў манархічнай краіне. Ходзіць май па свеце, Сцяг яго чырвоны Патрасае грозна Троны і кароны. Купала. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч.

3. Тое, што і крона ​1. Пад каронай — Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай — Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта. Колас. Уверсе ж кароны старых хвой, сходзячыся з двух бакоў сценкі, спляталі жывы полаг. Гартны.

4. Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Сонечная карона.

•••

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) — гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не паменшае.

[Ад лац. corona — вянок.]

каро́ністы, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікую карону (у 3 знач.); галінасты. Кароністая ліпа.

каро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да карона (у 1 знач.).

2. Знешняя частка зуба.

3. Металічная або пластмасавая абалонка, якая надзяваецца на зуб для яго захавання. Паставіць каронку. Залатая каронка.

4. Від свідравальнага долата. Алмазная каронка.

каро́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кароны (у 1, 2 знач.). // Уст. Дзяржаўны, урадавы (пра манархічныя краіны). Каронны суд. Каронныя землі. □ Кароннае войска стаяла кругом, мястэчкі і вёскі карала агнём. Вялюгін.

2. Лепшы, найбольш ўдалы. Каронная роля артыста. Каронны нумар праграмы.

каро́слівы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каросты. Карослівая высыпка. Карослівы сверб. // Хворы каростай; у каросце. Карослівы конь. / у знач. наз. каро́слівы, ‑ага, м.; каро́слівая, ‑ай, ж. Ізалятар для карослівых.

каро́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

1. Заразная хвароба скуры ў чалавека і жывёл, якая суправаджаецца гнойнай высыпкай і моцным свербам. Заразіцца каростай. // Гнойныя струны пры гэтым захворванні. Конь у каросце.

2. перан.; чаго або якая. Прыкры адбітак, след якіх‑н. уздзеянняў, звычаяў. Індывідуалістычная кароста. □ Але людзі — не ан[ё]лы, не з усіх удалося саскрэбці каросту мінулага. Васілевіч.

каро́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каросты. Кароставы сверб.

•••

Кароставы клешч гл. клешч.

каро́тка,

гл. коратка.

каротка... (а таксама каратка...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «кароткі», напрыклад: кароткачасовы, кароткаметражны, кароткагаловы.