памазо́к, ‑зка, м.
Невялічкі пэндзаль або іншае прыстасаванне для намазвання, змазвання чаго‑н. — У мяшку ёсць напагатове .. брытва, памазок у меднай паляўнічай гільзе, ну і кавалак мыла. Паслядовіч. Перад.. [чалавекам] стаяла бляшанка з клейстарам і памазком. Колас.
памакрэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які стаў макраватым, мокрым. Надзя спалохана адплюшчыла памакрэлыя вочы, ускочыўшы з ложка, уключыла святло. Шахавец. Ярка свяціла сонца, іскрыўся памакрэлы снег. Хадкевіч.
памакрэ́ць, ‑эе; зак.
Стаць макраватым, мокрым. Сарочка памакрэла, асабліва пад пахамі ды на спіне, і прыліпла шчыльна да цела. Мележ.
памалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да памалогіі. Памалагічная класіфікацыя.
памаладзе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які набыў больш малады выгляд; адчуў сябе маладзейшым. [Тэкля] узнялася, трымаючы ў руцэ чарку, і ў яе памаладзелых вачах гарэў агонь радасці. Краўчанка.
памаладзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Набыць больш малады выгляд; адчуць сябе маладзейшым. Сымон расправіў плечы і адразу нібы падрос, памаладзеў. Шашкоў. Быццам памаладзееш, як нагаворышся аб далёкім ды навекі блізкім юнацтве. Кулакоўскі. / Аб вясенніх зменах у прыродзе. Новай, пахучай траўкаю зазелянелі дарогі і сцежкі ў полі. Памаладзелі гаі і лясы. Колас.
памаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і падмаладзіць. Сёння замест звычайных светлых валасоў у яе былі рыжыя. Здаецца, гэта яшчэ больш памаладзіла жанчыну, хоць яна і без таго была маладая. Васілёнак.
памалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.
1. Закончыць малацьбу, абмалаціць усё. Мікалай Гаркун бліснуў вачамі і прагугнявіў: — Хлеб у свірне лічаць. Пакуль памалоцяць яго, дык мышы палову ператочаць. Гроднеў.
2. і без дап. Малаціць некаторы час. [Параска:] — Жаночкі, то вы ж не баўцеся. Падаіце кароў, павячэрайце ды падбяжыце на ток, памалоцім яшчэ трошкі... Палтаран.
памале́ньку, прысл.
1. Патроху, у невялікай колькасці. Селі поп з дзякам ды папіваюць сабе памаленьку. Якімовіч.
2. Не спяшаючыся, паціху. [Бацька] ужо змірыўся з бол[ем], ды так і тупае памаленьку то каля дому, то ў калгасе. Сачанка. Матор глуха фыркнуў, аўтобус задрыжаў і памаленьку крануўся з месца. Адамчык.
3. Паступова, не адразу. Сонца.. перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выныраць наверх. Брыль. [Дзяўчынка] спахмурнее, маўчыць або плача. А потым памаленьку, памаленьку пачаў боль адыходзіць у яе ад сэрца. Васілевіч.
4. Разм. Асцярожна. Як прынеслі Бандароўну Да святліцы новай, Палажылі памаленьку На лаве дубовай. Купала.