памале́ньку, прысл.
1. Патроху, у невялікай колькасці. Селі поп з дзякам ды папіваюць сабе памаленьку. Якімовіч.
2. Не спяшаючыся, паціху. [Бацька] ужо змірыўся з бол[ем], ды так і тупае памаленьку то каля дому, то ў калгасе. Сачанка. Матор глуха фыркнуў, аўтобус задрыжаў і памаленьку крануўся з месца. Адамчык.
3. Паступова, не адразу. Сонца.. перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выныраць наверх. Брыль. [Дзяўчынка] спахмурнее, маўчыць або плача. А потым памаленьку, памаленьку пачаў боль адыходзіць у яе ад сэрца. Васілевіч.
4. Разм. Асцярожна. Як прынеслі Бандароўну Да святліцы новай, Палажылі памаленьку На лаве дубовай. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)