пабаро́ць, ‑бару, ‑бораш, ‑бора; зак., каго-што.
1. Перамагчы праціўніка ў спартыўнай барацьбе. Пабароць вядомага барца.
2. Разм. Перамагчы якое‑н. пачуццё, стан і пад. Пабароць сон. □ Мужчына .. збянтэжыўся, але не адышоў ад жанчыны, загаварыў, быццам хочучы пабароць няёмкасць. Арабей.
пабарука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Падужацца, пабароцца з кім‑н. Пабарукацца з таварышам. // перан. Пазмагацца з кім‑, чым‑н. [Сцёпка:] «Ну, балота, пабарукаемся з табою, патрывожым твой спакой!» Колас.
пабатальённы, ‑ая, ‑ае.
Які праводзіцца па батальёнах, батальёнамі. Пабатальённыя заняткі.
паба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак., з кім і без дап.
Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Назарэўскі] успомніў пра Зосю і хацеў пабачыцца з ёю. Чорны. Пры адной толькі думцы пабачыцца з ляснічым мароз прабягаў па скуры Васіля. Колас.
•••
Пабачыцца са шкляным богам — тое, што і бачыцца са шкляным богам (гл. бачыцца).
паба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго. Убачыць, сустрэць каго‑н. З самай раніцы мы таўкліся каля саўгаснай канцылярыі, каб як пабачыць загадчыка саўгаса. Нікановіч. Ахрэму хацелася пабачыць старшыню, дазнацца пра ўсё падрабязна, што там на вечар запланавана. Кавалёў.
2. каго-што. Убачыць многае. Малодшы брат.. паспеў пабываць ужо ў Заходняй Беларусі, пабачыў Бесарабію і недзе цяпер, мабыць вызваляе Румынію ад фашыстаў. Асіпенка. Твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце. Лынькоў. // перан.; што, чаго і з дадан. сказам. Зазнаць, перажыць. Хоць шмат мы пабачылі гора За годы праклятай вайны, Але не хілілі ў пакоры Прад катам сваёй мы спіны. Астрэйка.
3. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Успрыняць зрокам, убачыць; паглядзець на каго-што. [Ігнась] ужо нецярпліва чакаў, каб хутчэй пабачыць.. таемны багаж. Мурашка. Самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас.
4. што і без дап. Даведацца, упэўніцца ў чым‑н. [Маці:] — Пабачыш, застанецца.. [Андрэйка] на другі год. Гамолка. [Максім Сцяпанавіч:] — Ды не хвалюйся, калі ласка, пабачыш, усё будзе добра. Карпаў.
пабачэ́нне, ‑я, н.
1. У выразе: да пабачэння — словы, якія гаворацца пры развітанні. — Да пабачэння, — сказала Святлана Мікалаеўна і хуценька выйшла з класа. Шахавец.
2. Разм. Тое, што і спатканне. Страшная думка раптам працяла .. [Васілю] галаву: ці не хадзіла .. [Аўгіня] на пабачэнне з Мартынам Рылем? Колас.
пабая́цца, ‑баюся, ‑баішся, ‑баіцца; зак., каго-чаго, з інф., з дадан. сказам і без дап.
Адчуць некаторы страх; не адважыцца зрабіць што‑н. [Міхась:] — Усё, наша задума правалілася... [Алесь:] — Думаеш, моладзь пабаіцца завірухі?.. Сіняўскі. Гітлераўцы, не ведаючы мясцовасці, пабаяліся заходзіць далёка ў пушчу. В. Вольскі. [Варташэвіч] пабаяўся, што мяне заўважаць, апусціў бінокль і накіраваў свайго каня ў гушчар. Карпюк.
•••
Пабойся (пабойцеся) бога — май сумленне; злітуйся.
пабе́гаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Бегаць некаторы час. [Хлапчукам] проста хацелася пабегаць па маёнтку там, дзе ўздумаецца. Пальчэўскі. Давялося нямала пабегаць ад вялікага чыгуначнага начальства да малога і наадварот. Корбан.
пабе́гаць 2, ‑ае; зак.
Разм. Стаць цельнай (пра карову).
пабе́гласць, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць металу мяняць колер пры награванні. Пабегласць сталі. // Стракатая радужная афарбоўка паверхневага слоя мінералу, якая ўтвараецца пры акісленні.
пабе́глы, ‑ая, ‑ае.
Спец. У выразе: пабеглы колер — колер паверхні металаў, мінералаў, пакрытай тонкім слоем вокіслаў, які мяняецца ў залежнасці ад тэмпературы.