пабачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго. Убачыць, сустрэць каго‑н. З самай раніцы мы таўкліся каля саўгаснай канцылярыі, каб як пабачыць загадчыка саўгаса. Нікановіч. Ахрэму хацелася пабачыць старшыню, дазнацца пра ўсё падрабязна, што там на вечар запланавана. Кавалёў.
2. каго-што. Убачыць многае. Малодшы брат.. паспеў пабываць ужо ў Заходняй Беларусі, пабачыў Бесарабію і недзе цяпер, мабыць вызваляе Румынію ад фашыстаў. Асіпенка. Твар стаў калючым, суровым, нібы пражыў Міколка доўгія дзесяткі год, усё перажыў, усё пабачыў на свеце. Лынькоў. // перан.; што, чаго і з дадан. сказам. Зазнаць, перажыць. Хоць шмат мы пабачылі гора За годы праклятай вайны, Але не хілілі ў пакоры Прад катам сваёй мы спіны. Астрэйка.
3. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Успрыняць зрокам, убачыць; паглядзець на каго-што. [Ігнась] ужо нецярпліва чакаў, каб хутчэй пабачыць.. таемны багаж. Мурашка. Самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас.
4. што і без дап. Даведацца, упэўніцца ў чым‑н. [Маці:] — Пабачыш, застанецца.. [Андрэйка] на другі год. Гамолка. [Максім Сцяпанавіч:] — Ды не хвалюйся, калі ласка, пабачыш, усё будзе добра. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)