Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кадр, ‑а, м.

1. Асобны здымак на кіна- або фотаплёнцы.

2. Асобная сцэна або эпізод з кінафільма. У некаторых кадрах пастаноўшчыкам удалося перадаць гераізм рускіх людзей. Новікаў. Кадр плыў за кадрам, Карціны змянялі карціны. Фільм пачынаўся. Куляшоў.

кадраві́к, ‑а, м.

1. Ваеннаслужачы кадравых войск. [Ян Стафанковіч] падбадзёрыўся.. і ішоў вельмі шпарка, трымаючы твар угару і размахваючы рукамі, быццам стары вайсковы кадравік на маршыроўцы. Чорны.

2. Кадравы работнік прадпрыемства, установы, арганізацыі. — Навучаць вас і ўсяму заводу дапамогуць. Тут многа кадравікоў, старых спецыялістаў. Кулакоўскі.

3. Разм. Супрацоўнік аддзела кадраў.

ка́дравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадраў. Кадравая служба. Кадравы рабочы.

•••

Кадравае войска гл. войска.

ка́дры, ‑аў; адз. няма.

1. Пастаянны састаў воінскіх часцей, які не дэмабілізуецца ў мірны час. Служыць у кадрах.

2. Асноўны састаў кваліфікаваных работнікаў якой‑н. галіны дзейнасці, якога‑н. прадпрыемства, установы і пад. Тэхнічныя кадры.. Сельскагаспадарчыя кадры.

[Фр. cadres.]

кадры́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадрылі. Кадрыльная мелодыя.

кадры́ля, ‑і, ж.

Танец з некалькіх фігур з цотным лікам пар, а таксама музыка да гэтага танца. Сыграць кадрылю. □ Хлопцы і дзяўчаты скакалі кадрылі, кружыліся ў лявонісе, у бясконцых крыжачках і польках. Лынькоў. Грукат, тупат колькі сілы Ды хлапечы дружны рогат — гэта пары йдуць кадрылю, Б’юць абцасамі падлогу. Броўка.

[Фр. quadrille.]

каду́к, ‑а, м.

Разм. Чорт, д’ябал. — А чаму ты не будзеш там? Куды цябе кадук схапіць пад той час. Машара.

•••

Кадук з ім (з ёй, з імі, з табой, з вамі) — хай сабе будзе і так, нічога дрэннага тут няма (быць не можа).

Кадук яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).

каду́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кадушкі. Кадушачнае века.

каду́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікая кадзь; кадка. Поруч, у дзвюх кадушках ляжалі пахучыя антонаўкі. Васілевіч.

кады́к, ‑а, м.

Выпнутая храстковая частка гартані ў мужчын. Твар .. быў як набрынялы, і кадык выпіраў з расшпіленага мундзірнага каўняра. Чорны. Каўнер кашулі балюча ўрэзаўся ў востры кадык, так, што перахапіла дыханне. Асіпенка.