Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кавалька́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Група коннікаў на прагулцы.

[Фр. cavalcade.]

кава́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да працы каваля; звязаны з апрацоўкай металу каваннем. Кавальская справа. Кавальскі мех. Кавальскі молат.

кава́льства, ‑а, н.

Рамяство, занятак каваля. [Каваль] не толькі займаўся кавальствам. У яго быў дробны кавалак зямлі, на якім льга было пратрымаць каня і карову. Чорны.

кавамо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Тое, што і кафямолка.

кава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. каваць (у 1, 2 і 3 знач.).

кава́ны і ко́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад каваць (у 1, 2 і 3 знач.).

2. у знач. прым. Зроблены з металу каваннем. Каваны меч.

3. у знач. прым. Абабіты палосамі жалеза. Каваная скрыня. Каваныя драбіны.

4. у знач. прым. З падковамі, падкаваны. Каваныя коні. // З металічнымі падкоўкамі (пра боты, абцасы і пад.). Наперадзе, як ступа, Ішоў млынар Ігнат; Каваным ботам стукаў, Масніцы ўгінаў... Панчанка.

5. перан.; у знач. прым. Дакладны, выразны, пластычны (пра верш, стыль і пад.). Янка Купала з уласцівым яму майстэрствам перакладаў каваныя радкі «Меднага конніца». Лужанін.

каварда́к, ‑у, м.

Бязладдзе, сумятня, неразбярыха. І госць зажыў... Ды так, Што хутка ў доме ўтварыўся кавардак, Хоць гаспадар сам з хаты вымятайся... Валасевіч.

[Цюрк.]

кава́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць каварнага.

кава́рны, ‑ая, ‑ае.

Які пад знешняй добразычлівасцю тоіць злыя замыслы; вераломны, хітры. Каварны вораг. Каварныя словы. □ [У Ані] зарадзіўся каварны план: пайсці купіць і яму білет, але на які-небудзь задні рад. Карпюк. // Які выражае вераломства, каварства. Каварная ўсмешка. // Які тоіць у сабе нечаканую небяспеку, непрыемнасць. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры і іншых прамудрасцях дакладных навук. Лынькоў.

кава́рства, ‑а, н.

Схільнасць да каварных учынкаў, замыслаў; вераломства. // Каварныя ўчынкі, замыслы. Наша грамадства вызвалена ад сацыяльная, несправядлівасці і яго адвечных спадарожнікаў — прадажнасці і каварства. «Беларусь».