Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

за́цемак, ‑мку, м.

Зацененае, слаба асветленае месца. Пеця садзіўся дзе-небудзь у зацемку і марыў. Карпюк. [Андрэй Данілавіч] падняўся з канапкі, у якой грымнулі і заспявалі спружыны, і патупаў у прахалодныя зацемкі сенцаў. Ракітны.

за́цемна, прысл.

1. Да світання, пакуль яшчэ цёмна. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Галя мала і бачылася з Вадзімкам: зацемна бегла на ферму і вярталася таксама прыцемкам ужо. Сабаленка.

2. Разм. Пасля змяркання; прыцемкам. Улетку зацемна вернешся з поля, не паспееш павячэраць, як песні клічуць цябе з хаты. Сяргейчык.

заце́мнены і зацямнёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зацямніць.

заце́мрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Разм. Зацямніць. Нашых песень, светлых думак Нішто не зацемрыць. Купала.

заце́нены і зацянёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зацяніць.

за́цень, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і засень. Вунь юнак і дзяўчына кіруюцца У зялёную зацень алей. Панчанка.

за́цепла, прысл.

Разм. Пакуль цёпла, да наступлення холаду. Зацепла выкапаць бульбу.

заце́плены і зацяплёны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зацепліць, зацяпліць.

заце́пліцца, ‑ліцца і зацяплі́цца, ‑ліцца; зак.

Разм. Загарэцца слабым полымем. Зацеплілася свечка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца. Зацеплілася надзея. □ У камісара зацеплілася бацькоўская пяшчота. Мележ.

заце́пліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць і зацяплі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Запаліць (агонь, свечку і пад.). Зацеплілі трубкі гуралі. Танк. Паўночных віхураў краіна Лагодна сустрэла яго: Паклікала ў дом між ялінак, Зацепліла ў лямпе агонь. Лось. // перан. Прымусіць узнікнуць, з’явіцца. [Ірына] прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем, як бы збіраючыся зацяпліць жыццё ў гэтым маленькім.. цельцы. Лынькоў.