Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

запа́даць, ‑ае; зак.

Пачаць падаць.

запада́ць, ‑ае.

Незак. да запасці.

запа́дзіна, ‑ы, ж.

Разм. Паглыбленне, упадзіна. Ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне топкай разбоўтанай гразі. Пестрак. Пад скалой была даволі глыбокая западзіна. Яе вось хлопчыкі і вырашылі паглыбіць і пашырыць. Бяганская.

западо́зрывацца, ‑аецца; незак.

Зал. да западозрываць.

западо́зрываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да западозрыць.

западо́зрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. у чым. Пачаць падазраваць, лічыць вінаватым у чым‑н. На твары матроса было столькі ветлівасці і гасціннасці, што яго ніяк нельга было западозрыць у благім. Асіпенка. Вучні разышліся па класе, і Лемяшэвіч, каб яго не ўбачылі і — чаго добрага! — не западозрылі ў падслухоўванні, паспяшаўся выйсці з калідора. Шамякін.

2. таксама са злучн. «што». Пачаць здагадвацца аб чым‑н. Малы парабчук, які ў гэты час быў у доме, неўзабаве западозрыў, што нешта тут адбылося, і.. сказаў людзям. Чорны.

запазне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які спазніўся са з’яўленнем, узнікненнем; позні. Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык, ды некалькі запазнелых васількоў, якія сарваў Міколка на ўзмежку поля. Лынькоў.

запазне́нне, ‑я, н.

Нясвоечасовасць яўкі, выканання чаго‑н.; спазненне. Запазненне з сяўбой.

запазні́цца, ‑пазнюся, ‑познішся, ‑позніцца; зак.

1. З’явіцца, прыбыць пазней, чым трэба; спазніцца. Поезд запазніўся. Пісьмо запазнілася. // Наступіць, пачацца са спазненнем. Вясна запазнілася.

2. Затрымаўшыся, прабыць дзе‑н. да позняй пары. Канец, мусіць, быў бы невясёлы, каб на шчасце дзяўчынкі не напаткаў яе паляўнічы, які запазніўся ў лесе. Васілевіч.

3. з чым, з інф. і без дап. Зацягнуць выкананне чаго‑н., зрабіць што‑н. пазней, чым трэба. Запазніцца з сяўбой. □ У жончыным голасе.. прыкметная трывога — яна запазнілася будзіць мужа. Гартны. — Запрашай гасцей за стол, — падышла да [Андрэя] Марына. — Мы і так запазніліся. Шахавец.

запа́зуха, ‑і, ДМ ‑зусе, ж.

Разм.

1. Тое, што і пазуха (у 1 знач.). Нямко асцярожна ўзяў птушанятка ў рукі, пахукаў яму ў роцік, потым гэтак жа асцярожна палажыў у запазуху. Кулакоўскі.

2. у знач. прысл. запа́зухай. У пазусе, у запазусе. Схаваць грошы запазухай.

запазы́чанасць, ‑і, ж.

Наяўнасць доўгу (даўгоў). Ліквідаваць запазычанасць. □ З устанаўленнем Савецкай улады ўся запазычанасць памешчыкам, банкірам, буржуазнай дзяржаве была з сялян спісана. «Весці». // Разм. Адставанне па вучэбнай праграме; не здадзены студэнтам экзамен, залік і пад. У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў.